
15 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная бібліятэка Беларусі 14 сакавіка атрымала ў дар І том Генадзіеўскай Бібліі. Такая інфармацыя размешчана на сайце НББ, паведамляе БЕЛТА.
Унікальны помнік рукапіснай спадчыны перадала Мінская духоўная акадэмія з нагоды святкавання Дня праваслаўнай кнігі. "Рэктар Мінскай духоўнай акадэміі архімандрыт Афанасій уручыў каштоўны падарунак генеральнаму дырэктару бібліятэкі Аксане Кніжнікавай з мэтай умацавання супрацоўніцтва паміж установамі, прыцягнення акадэмічнага інтарэсу да гісторыі і тэксталогіі славянскіх рукапісаў", - расказалі ва ўстанове.
Генадзіеўская Біблія - унікальны духоўны, гістарычны і культурны помнік рукапіснай спадчыны. Гэта першы поўны звод біблейскіх кніг Старога і Новага Запаветаў на славянскай мове, створаны ў 1499 г. пры апекаванні архіепіскапа Наўгародскага Генадзія ў час праўлення вялікага князя Маскоўскага Івана ІІІ.-0-