Сцяг Пятніца, 26 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 верасня 2022, 11:49

Уладальнікаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі назвалі ў Добрушы

4 верасня, Добруш /Кар. БЕЛТА/. Пераможцаў конкурсу "Нацыянальная літаратурная прэмія" ўзнагародзілі ў Добрушы. Такім чынам адзначаны творы, якія ўбачылі свет у папярэднім годзе, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Уручэнне прэміі стала адной з самых чаканых падзей Дня беларускага пісьменства. Інтрыга захоўвалася да канца.

У намінацыі "Лепшы твор (зборнік твораў)" пераможцам прызнаны Алесь Бадак за кнігу "Уладар ветру". "Ідэя такіх свят менавіта ў рэгіёнах цудоўная, паколькі ў кожным райцэнтры ёсць аматары і знатакі кнігі. Такі наплыў, такі творчы дэсант пісьменнікаў для невялікага гарадка - сапраўднае свята. Цікавасць да сучаснай беларускай прозы відавочная. Не раз абмяркоўвалі ідэю правесці свята ў Мінску, але, магчыма, яно страціць сваю душэўнасць, уласцівую раёнам", - адзначыў Алесь Бадак.

Лепшым празаічным творам па выніках 2021 года названа кніга "А ён не вярнуўся з бою" Мікалая Чаргінца. У драматургіі адзначаны Анатоль Андрэеў і яго "Галоўныя словы для любімай жанчыны".

За кнігу "Рэвалюцыя мокрых штаноў" прэмія прысуджана Андрэю Мукавозчыку за лепшы твор публіцыстыкі.

Лепшай у літаратурнай крытыцы і літаратуразнаўстве стала кніга Ігара Запрудскага "Беларуская літаратура і культура XIX стагоддзя: асаблівасці развіцця і актуальныя пытанні даследавання".

Нацыянальнай літаратурнай прэміі за лепшы твор для дзяцей і падлеткаў удастоены Алесь Жук і яго кніга "Лаві зайца!".

У намінацыі "Літаратурны дэбют года" адзначана Валерыя Сцяцко і яе кніга "Нязломны. Аляксей Талай". Журналіст газеты "Звязда" прызналася, што перамога ў намінацыі стала для яе нечаканай. "Нават думкі аб перамозе не ўзнікала. Часам нават цяпер, калі бяру кнігу ў рукі, да канца не веру, што яна майго аўтарства. Хоць па натуры я авантурыстка, таму і згадзілася на такі сур'ёзны і адказны праект", - усміхаецца дзяўчына. Паводле яе слоў, ідэя стварэння кнігі належыць старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктару выдавецкага дома "Звязда" Аляксандру Карлюкевічу.

"Мы вырашылі паказаць Аляксея Талая, яго характар вачамі блізкіх і родных яму людзей. І першую главу адкрывае расказ яго мамы. Усё прапускала праз сябе, таму асабліва цяжкай у маральным плане для мяне як аўтара стала таксама глава з расказам хірурга шпіталя, які аперыраваў Аляксея ў той няпросты час", - расказала журналіст. Валерыя раскрыла невялікі сакрэт - ужо ёсць задума для наступнай кнігі. Яна будзе прысвечана гісторыі беларускіх спартсменаў. Таксама дзяўчыну натхняе шлях беларускіх паралімпійцаў. "Прэмія стане для мяне стымулам для новых праектаў", - адзначыла Валерыя Сцяцко.

Нацыянальная літаратурная прэмія заснавана ў 2015 годзе. Арганізуюць конкурс міністэрствы інфармацыі, культуры, адукацыі і Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Дзень беларускага пісьменства - нацыянальнае свята, якое займае ганаровае месца сярод важнейшых падзей у культурным жыцці Беларусі і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня.-0-

Фота Сяргея Халадзіліна

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі