Сцяг Аўторак, 8 ліпеня 2025
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 чэрвеня 2025, 20:37

Уладальнікам Гран-пры Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні стала Ганна Варанко 

14 чэрвеня, Маладзечна /Кар. БЕЛТА/. Уладальнікам Гран-пры Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які прайшоў у рамках XXIV Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2025", стала Ганна Варанко, прадстаўніца Мінскай вобласці. Пераможцаў вызначылі па выніках рэспубліканскага этапа конкурсу, другі і трэці туры якога прайшлі сёння ў Палацы культуры Маладзечна, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Першае месца ў Лізаветы Свірыдавай (Гомельская вобласць), другое - у Наталлі Ігнатавай (Мінск) і Віталя Дроба (Мінск). Сяргей Ганак (Віцебская вобласць) і Ангеліна Самалётава (Гомельская вобласць) занялі трэцяе месца.

Узнагароджванне пераможцаў з уручэннем уладальніку Гран-пры спецыяльнага прыза імя Уладзіміра Мулявіна - хрустальнай гітары адбудзецца сёння ў 21.00 у час канцэрта-закрыцця фестывалю на сцэне Летняга амфітэатра.

Тлумачачы выбар песень, Ганна Варанко расказала, што першая - пра жаночую долю, пра што цяпер многія маўчаць, а другая песня - аб прыгажосці, дзявоцтве, таямнічасці дзяўчыны.

"Эмоцыі мяне перапаўняюць. Гэта захапленне, радасць, збянтэжанасць - бура эмоцый. Магчыма, нават неразуменне таго, што адбываецца, што гэта перамога - мая. Мая заслужаная перамога, - падзялілася пераможца з журналістамі адразу ж пасля аб'яўлення вынікаў конкурсу. - Я буду ісці далей. Буду імкнуцца несці сваю музыку ў свет. Дзякуй за тое, што ацанілі мой талент".

Ганна Варанко заўважыла, што канкурсанты складалі вельмі сур'ёзную канкурэнцыю. "Кожнаму дзякуй за тое, што ніхто не даваў расслабляцца. Але на самай справе мы былі вельмі дружныя за сцэнай. Не магу сказаць, што я чакала гэтай перамогі. Не. Кожны канкурсант варты стаяць на маім месцы", - адзначыла яна.

Уладальніца Гран-пры родам з горада Бабруйска. На працягу трох гадоў вучыцца ў Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў. Яе педагог - Алена Віктараўна Атрашкевіч.-0-
Фота Таццяны Матусевіч
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі