
20 ліпеня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. У Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава ў бліжэйшыя выхадныя наведвальнікам раскажуць аб шакаладзе і ўзнікненні друкарскай справы ў рэгіёне. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў аддзеле навукова-выдавецкай дзейнасці і маркетынгу ўстановы культуры.
Інтэрактыўныя музейныя заняткі "Шакалад" пройдуць 23 ліпеня. У музеі запэўніваюць, што сустрэча стане цудоўнай магчымасцю ўзняць настрой і даведацца больш аб незвычайна смачным і ўсімі любімым прадукце. "Мы раскажам, якое дачыненне да шакаладу маюць індзейцы, як яго рыхтуюць і дзе ён расце, а таксама чаму раней ласунак быў даступны не ўсім. Акрамя таго, наведвальнікі даведаюцца аб уплыве шакаладу на сусветную культуру і шэдэўрах сусветнага жывапісу, у якіх адлюстраваліся любоў да яго".
Заняткі "Друкарская справа ў гісторыі Магілёва" адбудуцца 24 ліпеня. На экскурсіі-лекцыі можна азнаёміцца з гісторыяй узнікнення друкарскай справы на Магілёўшчыне і даведацца, якую ролю адыграла друкарня ў распаўсюджванні асветы на тэрыторыі Беларусі і Расіі. У дапаўненне да экскурсіі ва ўдзельнікаў заняткаў будзе магчымасць выбраць паштовую адкрытку і падпісаць яе для сваіх родных і блізкіх.-0-