Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 ліпеня 2016, 12:17

Удзельнікі вершамарафону на "Славянскім базары" 14,5 гадзіны чыталі вершы пра Віцебск

18 ліпеня, Віцебск /Кацярына Князева - БЕЛТА/. На "Славянскім базары" 14 з палавінай гадзін чыталі вершы пра Віцебск - першы ўклад у Кнігу рэкордаў фестывалю адбыўся, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік праекта "Фэст вулічнага мастацтва "На сямі вятрах" Уладзіслава Цвікі.

"Прадугледжвалася, што будзе 1 тыс. вершаў, але мы проста не паспявалі. Вершы чыталі без прыпынку 14 з палавінай гадзін. Калі вечарам пачаўся дождж, давялося пайсці з плошчы Пушкіна пад дах Арт-прасторы на Талстога, 7. Але нават 852 прачытаныя вершы - ужо рэкорд. Я кажу гэта з гонарам, таму што сталі падыходзіць людзі - пажылыя, маці з каляскамі - і далучаліся да акцыі. Няхай не ўсе вершы былі моцнымі з пункту гледжання паэзіі, але гэта было моцна з пункту гледжання асабістай пазіцыі", - адзначыла Уладзіслава Цвікі.

У вершамарафоне 17 ліпеня ўдзельнічалі як аўтары, так і проста аматары паэзіі. Былі і знакамітыя госці: расійскі музыкант і тэлевядучы Сяргей Шусціцкі, беларуская тэлевядучая Алена Спірыдовіч і дырэктар форуму мастацтваў, прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі фестываляў (ВАФ) Аляксандр Сідарэнка. Задума акцыі ў тым, каб арганізаваць на фестывалі ўнікальнае мерапрыемства, у якім зможа прыняць удзел кожны.

Мерапрыемства здымалася на камеру, вялася прамая трансляцыя па абласным тэлеканале. "Яшчэ да фестывалю мы адправілі запыт у Кнігу рэкордаў Гінеса і даведаліся, што такога рэкорду і блізка няма. Ці будзем мы падаваць заяўку, я пакуль не ведаю. Але гэта падзея ўжо стала першай у Кнізе рэкордаў фестывалю "Славянскі базар у Віцебску". І мы зробім так, каб яна была не апошняй", - сказала на заканчэнне Уладзіслава Цвікі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі