Сцяг Пятніца, 13 лістапада 2026
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 лістапада 2026, 14:32

У Віцебску пройдзе II фестываль-конкурс моды і дызайну "Сіні дом" 

Фота арганізатараў мерапрыемства
Фота арганізатараў мерапрыемства
4 лістапада, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. У канцэртнай зале "Віцебск" 7 і 8 лістапада пройдзе II адкрыты фестываль-конкурс моды і дызайну "Сіні дом". Аб тым, як праект змяніўся за год, што чакае яго ўдзельнікаў і гасцей, карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў Цэнтры культуры "Віцебск".

Кіраўнік праекта і тэатраў мод "Касцюмер" і "Мадам" ЦК "Віцебск" Юлія Куцепава адзначыла, што фестываль прыкметна вырас. Геаграфія ўдзельнікаў пашырылася: калектывы прыедуць амаль з усёй Беларусі. "Ёсць і некалькі новых каманд, пра якія арганізатары нават не чулі раней, але зацікавіліся. Заяўлены дызайнер з Масквы. Усяго чакаецца каля 20 дызайнераў, аднак многія паказваюць па некалькі калекцый, таму выхадаў будзе значна больш", – паведаміла яна.

Усяго на фестывалі збярэцца больш за 350 удзельнікаў. "Гэта адназначна больш, чым у мінулым годзе, таму арганізатарам давялося падзяліць праграму на два дні. Вырас і ўзровень падрыхтоўкі: калекцыі саміх удзельнікаў тэхнічна мацнейшыя", - падкрэсліла Юлія Куцепава.

У першы дзень адбудуцца конкурсны паказ тэатраў моды і творчых калектываў, міні-паказ і дыскусійная пляцоўка "Этна-стыль у сучасным адзенні". Другі дзень будзе поўнасцю прысвечаны дызайнерам, якія прадэманструюць свае калекцыі, пасля чаго пройдзе фінальнае ўзнагароджванне.

"Захаваліся ўжо любімыя намінацыі: "Этнакасцюм у сучасным прачытанні", "Авангард" і "Аўтарская калекцыя". Для дызайнераў з'явілася новая намінацыя - "Прысвячэнне аўтару". Пакуль у ёй заяўлена толькі адна калекцыя, але ў наступным годзе мы разлічваем на большую колькасць работ", - удакладніла Юлія Куцепава.

Акрамя конкурсных паказаў госці фестывалю змогуць убачыць выставу рэтра-швейных машын - частку калекцыі прадаставіць віцебскі калекцыянер. Таксама запланавана выстава fashion-малюнка. Арганізатары рыхтуюць інтэрактыўныя фотазоны і майстар-класы: па дэфіле і па абярэжнай вышыўцы, дзе раскажуць, як правільна пераносіць традыцыйныя элементы на сучаснае адзенне.

Рэжысёр праекта Вераніка Кулажанка расказала, што асаблівая ўвага будзе ўдзелена інтэграцыі моды з іншымі відамі мастацтва - харэаграфіяй, вакалам і цыркавым майстэрствам.

Галоўная мэта "Сіняга дома", паводле слоў кіраўніка праекта, - аб'яднаць людзей, якія займаюцца шыццём, творчасцю і дызайнам. Ці ператворыцца Віцебск у модную сталіцу, пакажа час, але арганізатары ўжо робяць крокі для гэтага. "Пакуль што мы аб'ядноўваемся, сябруем. А ў што гэта перарасце - час пакажа", - склала Юлія Куцепава.

Фестываль, паводле яе слоў, мае не толькі творчую, але і практычную аддачу. Для дызайнераў - гэта магчымасць паказаць сябе, стварыць добрае партфоліа і знайсці калабарацыі. На пляцоўцы будуць працаваць фатографы, візажысты, прадстаўнікі прадпрыемстваў, з якімі ў будучым можна стварыць сумесныя праекты. "Гэта вельмі добрая пляцоўка для кам'юніці", - лічыць Юлія Куцепава.-0- 
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі