Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 лютага 2022, 10:20

У Віцебску адкрыюцца дзве выстаўкі майстроў народных рамёстваў з Шуміліна

22 лютага, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Творчая выстаўка майстроў Шумілінскага раённага дома рамёстваў і персанальная выстаўка майстра з гэтай установы культуры Наталлі Сцержанковай адкрыюцца сёння ў 15.00 у Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці (АМЦНР). Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў АМЦНТ.

На выстаўцы ў рамках арт-праекта "Захавальнікі народных рамёстваў" будуць прадстаўлены мастацкія ўтылітарна-дэкаратыўныя вырабы, выкананыя ў традыцыйных тэхніках. Майстры лозапляцення прадэманструюць экалагічна чыстыя сухарніцы, хлебніцы, падносы, кашолкі, настольныя і падлогавыя вазы, а таксама разеткі, падстаўкі пад гарачы посуд. У экспазіцыі можна будзе ўбачыць кветкі, падносы, пано, падвескі і арыгінальныя капелюшы ад умельцаў, якія займаюцца саломапляценнем. Па-майстэрску расшытыя ручнікі, яркія маляванкі, вязаныя спіцамі і кручком рэчы ўразяць наведвальнікаў цэнтра прыгажосцю, акуратнасцю і цеплынёй душы майстра. Цікава будзе зірнуць і на калекцыю традыцыйнага ганчарнага посуду з гліны, якім славіцца шумілінскі край. Гэтыя вырабы вызначаюцца незвычайным знешнім выглядам, паколькі маюць серабрыста-чорны колер і атрымліваюцца з дапамогай асаблівай апрацоўкі - дымлення.

"Усе вырабы шумілінскіх майстроў маюць яркі традыцыйны характар, прадстаўляюць віды прыкладной творчасці, характэрныя для рэгіёна. Яны вызначаюцца самабытнасцю і лаканічнасцю форм", - адзначылі ў АМЦНТ.

Яшчэ адна выстаўка, але ў рамках арт-праекта "Партрэт майстра", прадэманструе вырабы Наталлі Сцержанковай, якая ўжо больш за 20 гадоў прысвячае сябе саломапляценню. У экспазіцыі будуць прадстаўлены вырабы рознай ступені складанасці: саламяныя кветкі, пано, падвескі, вянкі, маскі і інш. Майстар вялікую ўвагу ўдзяляе вывучэнню рэгіянальных асаблівасцей у саломапляценні. Яна адрадзіла спрадвечную тэхніку вырабу саламяных павукоў, стварае рытуальныя калядныя маскі, розныя народныя абярэгі і займаецца вырабам саламяных лялек, якіх у майстра ёсць вялікая калекцыя. Наталля Сцержанкова з'яўляецца ўдзельнікам і лаўрэатам мноства конкурсаў, выставак, кірмашоў, творчых праектаў.

Выстаўкі можна наведаць у АМЦНТ з 22 лютага па 17 сакавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі