ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 21 студзеня 2021
Мінск Суцэльная воблачнасць 0°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 кастрычніка 2020, 16:18

У праграме Нацыянальнага конкурсу "Лістапада-2020" будзе прадстаўлена 13 фільмаў

Фота з архіва
Фота з архіва

20 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У праграме Нацыянальнага конкурсу XXVII Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" будзе прадстаўлена 13 фільмаў, паведаміў сёння журналістам каардынатар конкурсу Мікалай Лаўранюк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На разгляд аргкамітэт атрымаў амаль 60 заявак. "Гэта менш, чым звычайна. Да ўдзелу адабрана 13 фільмаў. У сувязі са складанай эпідабстаноўкай у свеце можна гаварыць аб спадзе кінавытворчасці. Акрамя таго, фармат уручэння прызоў будзе іншым. Вырашылі адмовіцца ад традыцыйнай градацыі. Цяпер члены журы будуць вызначаць Гран-пры Нацыянальнага конкурсу, які можа быць як ігравы, дакументальны або анімацыйны, два спецыяльныя прызы і спецыяльныя дыпломы", - адзначыў Мікалай Лаўранюк.

Нацыянальны конкурс з'яўляецца важнай часткай фестывалю. "Гэта пляцоўка для дыялогу паміж кінематаграфістамі, гледачамі, замежнай прэсай і членамі журы. Гэта мост для беларускага кіно ў свет", - падкрэсліў каардынатар конкурсу.

У праграме будзе прадстаўлена карціна Мітрыя Сямёнава-Алейнікава "Забароненая зона" - дэбютны поўны метр, трылер, дзеянне якога разгортваецца ў чарнобыльскай зоне. Сярод дакументальнага кіно - "Эпітафія" Віктара Аслюка, дзе расказваецца аб такіх сакральных месцах, як могілкі. Рэжысёр Дзмітрый Дзядок у сваёй рабоце "Дзіма" прадаўжае вывучаць маргінальныя слаі грамадства. Дзеянне ў фільме "Пражываючыя" маладога аўтара Андрэя Князевіча адбываецца ў інтэрнаце для людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Кароткаметражны фільм Андрэя Куцілы "Мне трэба поціскаў..." расказвае аб кранальнай гісторыі пажылой маці і яе дачкі-інваліда. Карціна Мікіты Лаўрэцкага "Мікіта Лаўрэцкі" - аўтабіяграфія, спалучае розныя жанры і з'яўляецца цікавым эксперыментам. У фільме Алеся Лапо "Усе мерапрыемствы па плане" сюжэт звязаны з беларускай глыбінкай, людзьмі, якія спрабуюць прыўнесці змены ў гэтыя мясціны.

Работа Уладзіміра Луцкага "Код продкаў" прысвечана беларускаму і ўкраінскаму фальклору, сувязям і гісторыі дзвюх нацый. У новым фільме "Цемра звонку" Настасся Мірашнічэнка расказвае аб камандзе футбалістаў - інвалідаў па зроку, якія едуць пакараць сусветны чэмпіянат. Дар'я Юркевіч у стужцы "Невядомы рай" закранае тэму Чарнобыля, аб тым, што цяпер адбываецца на гэтай тэрыторыі, як там жывуць людзі. Анімацыйны фільм таленавітага маладога аўтара Івана Гапіенкі "Царства Зорак" - гэта фантасмагорыя. Карціна Сашы Кулак у суаўтарстве з Дар'яй Галавой "Дзе жывуць жаданні" - эксперыментальнае кіно, дзе аўтары займаюцца развіццём кінамовы.

Фестываль "Лістапад" акрэдытаваны Міжнароднай федэрацыяй асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF) як конкурсны фестываль фільмаў, створаных у краінах СНД, Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Азіі, краінах Балтыі, Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, на Кубе. У гэтым годзе ён пройдзе з 6 па 13 лістапада пад слоганам "Магія вобраза". Арганізатарам выступае Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў "АРТ Карпарэйшн". Заснавальнікі - Міністэрства культуры і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі