Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 студзеня 2019, 13:12

У палёты над Беларуссю запросіць фотавыстава ў Гомелі

17 студзеня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Выстава фотаздымкаў Сяргея Плыткевіча "Планета Беларусь" адкрыецца 19 студзеня ў музеі гісторыі горада Гомеля, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў дзяржаўнай установе.

Мерапрыемства прымеркавалі да Года малой радзімы. Аэраздымка, панарамныя здымкі, пейзажы, знакавыя архітэктурныя збудаванні - у экспазіцыі прадставяць самыя розныя работы аўтара.

Сяргей Плыткевіч зрабіў больш за сто палётаў над Беларуссю, каб убачыць, сватаграфаваць і паказаць яе хараство. Вынікам сталі фотаальбомы "Нечаканая Беларусь" і "Планета Беларусь". "Цераз нашу краіну праходзіць мноства транспартных артэрый, над ёй пралятаюць авіяпадарожнікі. Аднак Беларусь застаецца загадкавай, як і многія далёкія планеты, - лічаць арганізатары. - Аўтар спадзяецца, што яго погляд на Беларусь будзе цікавым патрабавальнаму наведвальніку".

На адкрыцці фатограф раскажа пра гісторыю стварэння здымкаў, падзеліцца сакрэтамі майстэрства, адкажа на пытанні. Выкананнем беларускіх песень падтрымае атмасферу мерапрыемства народны вакальны ансамбль "Прасніца" ДК "Фестывальны".

Сяргей Плыткевіч нарадзіўся ў 1963 годзе ў Петрыкаўскім раёне. Скончыў Полацкі лясны тэхнікум, факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у газетах, у 2014 годзе стварыў краязнаўчы партал. Акрамя названых, з'яўляецца аўтарам фотаальбомаў "Мая Беларусь", "Беларуская экзотыка", "Ад Полацка пачаўся свет", "Палессе", "Запаведная Беларусь", здымкаў для мноства даведнікаў, камплектаў паштовак, брашур, плакатаў. Персанальныя фотавыставы Сяргея Плыткевіча праходзілі ў многіх гарадах Беларусі, а таксама ў Пекіне, Маскве, Вроцлаве, Познані, Беластоку, Вільнюсе, Таўраге.

У Гомелі знаёміцца з "Планетай Беларусь" можна будзе да 3 сакавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі