Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 лістапада 2021, 12:51

У НЦСМ прэзентавалі выставу карцін беларускіх авангардыстаў

4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава карцін прадстаўнікоў беларускага авангарда 1980-1990-х гадоў "Шостая лінія. Лінія лёсу" адкрылася ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Галерэя "Шостая лінія" была адной з першых у Беларусі пляцовак сучаснага мастацтва новага фармату, якая працавала з 1992 па 1998 год. "Гэта быў час, калі многія мастакі сталі шукаць новую мову і яна была сапраўды новай, калі параўноўваць яе з класічным авангардам 1920-1930-х гадоў, - расказаў дырэктар НЦСМ Сяргей Крыштаповіч. - У нас нават з'явіўся тэрмін для абазначэння гэтага часу - аванграўнд. Авангард і андэграўнд у адным флаконе. Яго прыдумала наша супрацоўніца Вольга Міронава, і мастацтвазнаўцы проста ў захапленні, таму што мы не супярэчым савецкаму мастацтву і веданню, а аванграўнд - гэта ж абсалютна наша, цалкам беларускае паняцце. Цяпер назіраецца адраджэнне і цікавасць да гэтага напрамку і гэта радуе. Наша пляцоўка прадстаўляе той перыяд і паказвае сучасным мастакам, што ў наш час неабходна гэтак жа шукаць сваю мову. Самае важнае - знайсці голас і гаварыць".

У экспазіцыі цэнтра размясцілі карціны з прыватнай калекцыі Уладзіміра Садко. Гэтыя творы прадстаўляюць творчасць найбольш яркіх мастакоў, чые работы экспанаваліся ў галерэі ў той час. Сярод іх можна заўважыць творы Уладзіміра Акулава, Канстанціна Гарэцкага, Людмілы Русавай, Аляксея Жданава, Артура Клінава, Валерыя Песіна, Уладзіміра Злянко, Алеся Тарановіча, Цімафея Ізотава, Віктара Пятрова, Ігара Ермакова, Антона Шапо.

"Мне як мастаку падабаюцца і блізкія дзве работы, прадстаўленыя тут. Гэта карціны Людмілы Русавай "Сінія, жоўтыя, чырвоныя". Тэма двух палотнаў вырашана матэматычна і архітэктурна. Магу сказаць, што карціны прадстаўляюць новы погляд на ідэю канструктывізму, а паказаныя на іх аб'екты - аб'екты для медытацыі. Людміла Русава была рознабаковым, шматгранным і багатым на псіхалагічныя знаходкі майстрам, які, на жаль, пайшоў ужо з жыцця", - растлумачыў дырэктар.

Сама ж выстава адметная разнастайнасцю стылістыкі, тэматыкі і знаходак пластычнай мовы. Як адзначылі ва ўстанове, тыя пытанні, якія хвалявалі аўтараў у 90-я гады, застаюцца актуальнымі і цяпер.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі