Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 лютага 2021, 16:57

У НММ адкрылася выстава да 125-годдзя выдатнага мастака Міхаіла Філіповіча

4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Лёс мастака" да 125-годдзя выдатнага беларускага майстра Міхаіла Філіповіча адкрылася сёння ў Нацыянальным мастацкім музеі, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

У экспазіцыі прадстаўлена каля 150 твораў жывапісу, графікі, скульптуры з мінскіх музеяў і прыватных збораў, фатаграфіі і выданні.

Міхаіл Філіповіч - яркі, самабытны, шмат у чым унікальны майстар, асноўны перыяд творчасці якога прыпаў на 20-30-я гады мінулага стагоддзя. "Дзясяткі існуючых цяпер яго работ - гэта толькі невялікая частка створанага ім. І ўсё ж спадчына яго захавалася на рэдкасць поўна і разнапланава, што дае магчымасць убачыць развіццё і перыпетыі яго творчага лёу", - адзначылі ў музеі.

"Жывучы ў пераходную, багатую на розныя мастацкія новаўвядзенні эпоху канца XIX - першай палавіны ХХ стагоддзя, Міхаіл Філіповіч выкарыстоўваў у сваёй творчасці амаль усё. То сплаўляліся, то гучалі моцна ў яго работах мадэрн, постімпрэсіянізм, футурызм, супрэматызм, фавізм, экспрэсіянізм, неарэалізм, імпрэсіянізм", - расказалі арганізатары.

Ураджэнец Мінска, сірата з ранняга дзяцінства, Міхаіл Філіповіч знайшоў другі дом у сям'і свайго дзядзькі - каваля Фадзея Гурскага. Вучыўся ў мінскім рэальным вучылішчы, якое было ў час Першай сусветнай вайны эвакуіравана ў Яраслаўль. Адным з першых настаўнікаў малявання быў Дзмітрый Полазаў. Потым Міхаіл Філіповіч вучыўся ў Маскве ў прыватнай студыі Анікіты Хатулёва, Свабодных мастацкіх майстэрнях у Канстанціна Каровіна. "Беднасць не дала магчымасці атрымаць адукацыю, і ў 1921 годзе юны мастак вярнуўся ў Мінск, дзе пачаў вельмі актыўную творчую, выставачную, музейную дзейнасць, з'яўляючыся загадчыкам мастацкага аддзела знакамітага БДМ (Беларускі дзяржаўны музей). У 1925-1930 гадах змог прадоўжыць адукацыю ў Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях. Вяртанне ў Беларусь супала з пераменай грамадска-палітычнага курсу на радзіме, і мастак быў вымушаны зноў паехаць у Маскву. Так паміж Мінскам і Масквой і праходзіла яго жыццё", - дадалі ў НММ.

На працягу амаль усяго творчага шляху Міхаіл Філіповіч актыўна працаваў, але найбольш каштоўнымі для нацыянальнага мастацтва давялося стаць творам, створаным у пачатку гэтага шляху: "На Купалле", "Казачны сюжэт", "Карагод", "Духаў манастыр", "Стары беларус з люлькай", "Бітва на Нямізе", "Жанчына ў намітцы", "Народнае гулянне". "Яны, як прынята казаць, увайшлі ў скарбніцу мастацтва Беларусі, у дастойнай мастацкай форме ўвасабляючы розныя бакі жыцця краіны, нацыянальнага духу, не будучы нацыянальна абмежаванымі", - падкрэслілі ў музеі.

Азнаёміцца з карцінамі можна па 4 красавіка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі