Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
02 верасня 2021, 16:40

У НББ расказалі аб мерапрыемствах да святкавання 15-годдзя Музея кнігі

2 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі расказалі, як адзначаць 15-годдзе Музея кнігі, паведамляе БЕЛТА.

Музей кнігі - знакавая экспазіцыйная прастора, якая з'явілася ў новым будынку галоўнай бібліятэкі краіны ў 2006 годзе. "За час сваёй работы ён стаў яркай візітнай карткай Нацыянальнай бібліятэкі. У экспазіцыі прадстаўлены рукапісы, старадрукаваныя кнігі і рэдкія выданні, якія з'яўляюцца неад'емнай часткай нацыянальнай і сусветнай кніжнай спадчыны. За 2006-2021 гады ў музеі былі рэалізаваны сотні цікавых выставачных праектаў. Місія Музея кнігі, як і пятнаццаць гадоў таму, застаецца нязменнай: папулярызаваць і набліжаць да шырокай аўдыторыі ўнікальныя каштоўныя помнікі кніжнай культуры", - адзначылі ў НББ.

Да 15-годдзя музея ў бібліятэцы правядуць некалькі мерапрыемстваў. "9 верасня адбудзецца круглы стол "Музей кнігі. 15 гадоў". Падчас мерапрыемства плануецца абмеркаванне ролі музея ў папулярызацыі беларускай кніжнай культуры, вылучэнне праблем і інавацыйных падыходаў, дыскусія аб перспектывах і напрамках далейшай дзейнасці. Да ўдзелу запрашаюцца супрацоўнікі музеяў і бібліятэк, навуковых і адукацыйных устаноў, даследчыкі", - расказалі арганізатары.

У той жа дзень адкрыецца выстава "5+5+5", на якой прадставяць пяць рукапісаў, пяць старадрукаваных кніг і пяць рэдкіх выданняў. "Гэта 15 сапраўдных рарытэтаў з фондаў бібліятэкі, якія выключна рэдка пакідаюць фондасховішча", - падкрэслілі ў НББ. Прадоўжыцца выстава па 24 кастрычніка.

"Акрамя таго, у гонар юбілею і з мэтай развіцця ў дзяцей і моладзі любові да кнігі, творчасці, выхавання гонару за дасягненні і багатыя традыцыі беларускай кніжнай культуры пройдзе конкурс "Музей кнігі - мой музей!". Да ўдзелу запрашаюцца дзеці ад 6 да 16 гадоў. Прымаюцца работы да 17 кастрычніка. Умовы конкурсу будуць анансаваны на партале бібліятэкі дадаткова", - дадалі арганізатары.

У НББ таксама нагадалі, што да 15-годдзя Музея кнігі і 100-годдзя бібліятэкі падрыхтавана выстава вынікаў конкурсу "Малады беларускі экслібрыс". Наведаць выставу і азнаёміцца з конкурснымі работамі можна да 3 кастрычніка ў Музеі кнігі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі