Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 студзеня 2021, 16:29

У НББ падрыхтавалі выстаўку аб ахове і аднаўленні сусветных экасістэм

12 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэматычная выстаўка "Сусветныя экасістэмы: захаванне, ахова, аднаўленне", прысвечаная дзесяцігоддзю Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па аднаўленні экасістэм (2021-2030), адкрылася сёння ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі НББ.

Гэта дзесяцігоддзе было афіцыйна абвешчана на 73-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН 1 сакавіка 2019 года. Яно накіравана на актывізацыю намаганняў па маштабным аднаўленні дэградзіраваных і пашкоджаных экасістэм у якасці эфектыўнай меры барацьбы са змяненнем клімату і павышэнні харчовай бяспекі, водазабеспячэння і біяразнастайнасці.

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 100 дакументаў з фондаў бібліятэкі на рускай і англійскай мовах: кнігі, брашуры, буклеты. "Гэтыя дакументы дапамогуць прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці да праблем дэградацыі наземных і марскіх экасістэм і страты біяразнастайнасці, паглыбіць разуменне пытанняў вывучэння і выкарыстання сусветных экасістэм, а таксама павысіць інфармаванасць аб экалагічнай абстаноўцы на нашай планеце", - расказалі ў бібліятэцы.

Арганізатары выстаўкі звяртаюць увагу, што дэградацыя наземных і марскіх экасістэм падрывае дабрабыт 3,2 млрд чалавек і прыводзіць да эканамічных страт у памеры 10 працэнтаў гадавога сусветнага валавога прадукту. Цяпер каля 20 працэнтаў пакрытай расліннасцю паверхні планеты дэманструе тэндэнцыю да зніжэння ўрадлівасці, звязанай з эрозіяй, спусташэннем і забруджваннем. Да 2050 года дэградацыя і змяненне клімату могуць прывесці да зніжэння ўраджайнасці на 10 працэнтаў ва ўсім свеце і да 50 працэнтаў у некаторых рэгіёнах.

Абвяшчэнне дзесяцігоддзя аднаўлення экасістэм уяўляе сабой глабальны заклік аб'яднаць палітычную падтрымку, навуковыя даследаванні і фінансавыя магчымасці, пачынаючы з невялікіх пілотных ініцыятыў і заканчваючы аднаўленнем мільёнаў гектараў. Даследаванні паказваюць, што больш як 2 млрд гектараў абязлесеных і дэградзіраваных ландшафтаў у свеце маюць патэнцыял да аднаўлення. Інтэнсіўнае аднаўленне павысіць устойлівасць і здольнасць экасістэм адаптавацца да штодзённых пагроз і экстрэмальных з'яў.

Выстаўка будзе цікавая студэнтам і аспірантам экалагічных, біялагічных і геаграфічных спецыяльнасцей, спецыялістам у галіне прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя, навуковым работнікам, а таксама ўсім, хто цікавіцца праблемамі аднаўлення сусветных экасістэм і захавання біялагічнай разнастайнасці планеты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі