Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 снежня 2020, 14:38

У Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася фотавыстава артэфактаў

18 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фотавыстава "Археалагічныя тэкстуры: натхненне мінулым" адкрылася сёння ў Нацыянальным гістарычным музеі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Артэфактам у экспазіцыі больш за 4 тыс. гадоў. Дробныя дэталі археалагічных знаходак даюць магчымасць вывучыць побыт нашых продкаў. У тыя даўнія часы на тэрыторыі Беларусі жылі людзі са сваім светапоглядам, яны па-рознаму выраблялі нейкія бытавыя прадметы, у якіх і ўвасаблялі яго. Знаёмства з такімі дэталямі, як аздабленне посуду, дазваляе нам лепш зразумець, як мыслілі нашы продкі. Мы даведаемся пра свае карані, а што як не археалагічныя артэфакты дае магчымасць да гэтага наблізіцца", - адзначыла навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі, нумізматыкі і зброі Нацыянальнага гістарычнага музея Вікторыя Тарасевіч.

Наведвальнікам прадставілі больш за 20 дэталёвых фатаграфій археалагічных знаходак. Гэта прадметы, якія тады ствараліся ў асноўным толькі для практычных мэт, а цяпер з'яўляюцца каштоўнай крыніцай інфармацыі.

Выстава прысвечана археалагічным тэкстурам. Яна паказвае прыгажосць артэфактаў, якія былі знойдзены ў час раскопак. Аўтарам фотаработ стала Варвара Высоцкая, якая пастаралася праз аб'ектыў паказаць усе дэталі старажытнасцей. "Самі экспанаты знаходзяцца ў фондзе Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Вядома, мы маглі б узяць самі прадметы, але гэта ў асноўным фрагменты керамікі, якія не карыстаюцца вялікім попытам на выставах. Да таго ж у большасці выпадкаў гэта дробныя дэталі. Іх складана добра разгледзець. Так нарадзілася ідэя паказаць артэфакты праз здымкі. Фатаграфіі даюць магчымасць убачыць, напрыклад, шнуравы адбітак на збане, які звычайна ў вітрыне ў агульнай масе губляецца", - адзначыла Вікторыя Тарасевіч.

Праект створаны на аснове археалагічных калекцый, знойдзеных пры раскопаках пад кіраўніцтвам старшага навуковага супрацоўніка сектара неаліту і бронзавага веку аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдата гістарычных навук Мікалая Крывальцэвіча. Асноўная сфера інтарэсаў даследчыка - археалогія позняга неаліту і бронзавага веку на тэрыторыі беларускага Палесся. "Мы плануем да канца выставачнага праекта ў музеі правесці сустрэчу з Мікалаем Крывальцэвічам. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён прывязе артэфакты, прадстаўленыя на фатаграфіях, і нават дасць магчымасць наведвальнікам патрымаць іх у руках. Такое звычайна не робіцца з музейнымі прадметамі", - дадала навуковы супрацоўнік.

Паводле слоў Вікторыі Тарасевіч, на выставе паказаны нетыповыя, унікальныя для тэрыторыі Беларусі прадметы. Гэта ў тым ліку панцыры чарапах, якія старажытныя жыхары аздаблялі і выкарыстоўвалі ў якасці кубкаў. Яны былі знойдзены ў археалагічным помніку Кузьмічы-1 Мікалаем Крывальцэвічам.

Фотавыстава - частка вялікага музейнага праекта "Мінулае мае будучыню: дыялог культуры і навукі", які накіраваны на папулярызацыю археалогіі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі