Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 красавіка 2021, 16:21

У музеі гісторыі ВАВ адкрылася выстаўка да 100-годдзя "Чырвонай змены"

21 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Часовая экспазіцыя "Чырвонка ў тыле ворага" адкрылася сёння ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яна прымеркавана да 100-годдзя "Чырвонай змены" - адной са старэйшых газет, якая вядзе летапіс жыцця беларускай моладзі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Ужо 100 гадоў "Чырвонка" вядзе летапісанне жыцця беларускай моладзі. Яна мае слаўную гісторыю - як у мірны час, так і ў ваенны газета заўсёды заставалася з моладдзю. Яна заклікала юнакоў і дзяўчат уступаць у партызанскія атрады, усяляла ўпэўненасць у перамозе", - расказала куратар выстаўкі, вядучы навуковы супрацоўнік навукова-даследчага аддзела Марыя Гарэлікава.

Аснову экспазіцыі склалі выпускі "Чырвонай змены" 1943-1944 гадоў з фондаў музея - 23 арыгінальныя нумары газеты. Дакументы, фатаграфіі, малюнкі даюць магчымасць прасачыць працэс стварэння газеты, даведацца аб лёсах яе супрацоўнікаў. Рэдакцыя газеты "Звязда", дадаткам да якой сёння з'яўляецца "Чырвонка", прадаставіла сцяг "Чырвонай змены".

"Гэта адна са 170 падпольных газет, якія выдаваліся на акупіраванай тэрыторыі. Яна асвятляла розныя праблемы. Выданне было вельмі дорага тым, хто атрымліваў яго. Людзі па некалькі разоў перачытвалі аб падзеях на фронце, асабліва ў перыяд вызвалення. І вельмі сімвалічна, што юбілейная экспазіцыя адкрываецца ў сценах музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, таму што сваю ролю ў гэты перыяд яна таксама адыграла", - адзначыла намеснік дырэктара музея гісторыі ВАВ па навуковай рабоце Ганна Галінская.

Перыяд выдання газеты ў тыле ворага быў трывожным, але яркім часам. Першы такі нумар выйшаў 31 студзеня 1943 года ў зоне дзеяння партызан мінскага злучэння. Газета была органам Цэнтральнага камітэта і Мінскага падпольнага абкама камсамола. Рэдактарам газеты быў вопытны журналіст Міхаіл Барашкаў, які таксама рэдагаваў рэспубліканскую газету "Звязда".

Гэта быў адзіны выпадак у гісторыі друку ў час Вялікай Айчыннай вайны, калі рэдактар адказваў за выданне адразу дзвюх падпольных рэспубліканскіх газет. Рэдакцыя на чале з Міхаілам Барашкавым рыхтавала матэрыялы, набірала і друкавала газету ў складаных умовах, нават у час рэгулярных варожых блакад. "Чырвонка" была баявым арганізатарам беларускай моладзі ў тыле ворага. Яна заклікала юнакоў і дзяўчат у рады народных мсціўцаў, уздымала на барацьбу з ворагам, расказвала аб баявых дзеяннях камсамольскіх атрадаў, усяляла бадзёрасць і ўпэўненасць у перамозе. Беларускія паэты і пісьменнікі дасылалі ў газету свае творы.

Спецыяльны карэспандэнт газеты "Звязда" Алена Дзядзюля, якая свой творчы шлях пачынала ў "Чырвонай змене", расказала аб гісторыі стварэння і станаўлення выдання: "Першы выпуск рыхтаваўся да II з'езда ЦК камсамола Беларусі. У сакрэце. Тым не менш пайшлі чуткі, што з'явіцца беларуская маладзёжная газета. І калі рэдактар зайшоў у памяшканне, дзе праводзіўся з'езд, на яго наляцеў натоўп моладзі і проста расхопліваў газеты. Вельмі хутка "Чырвоная змена" знайшла пазаштатных карэспандэнтаў ва ўсіх кутках Беларусі. Яна працавала з імі, вучыла, як і аб чым трэба пісаць".

Падпольная "Чырвонка" таксама хутка стала папулярнай і любімай газетай моладзі ў тыле ворага. Яна распаўсюджвалася па ўсіх кутках акупіраванай Беларусі. Газету перадавалі з рук у рукі, зачытвалі да дзірак. Усяго ў тыле ворага было надрукавана 42 нумары выдання, кожны з якіх быў магутным ударам па ворагу.

Часовая экспазіцыя будзе працаваць па 21 мая.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі