Сцяг Серада, 24 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 лютага 2024, 15:27

У Мірскім замку расказалі, чым ён здзівіць у 2024 годзе

1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У новым годзе ў музеі рыхтуюць сумесныя выставы з беларускімі і расійскімі калегамі, лекцыі-візуалізацыі, маштабныя фестывалі і ўнікальны праект, прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў замкавым комплексе.

Унікальныя экспанаты раскажуць

Як паведаміла намеснік дырэктара музея Вольга Навіцкая, лекцыі-візуалізацыі (навінка гэтага года) будуць праходзіць рэгулярна. У іх аснову лягуць багатыя музейныя калекцыі. "Напрыклад, кожную сераду і суботу лютага наведвальнікі змогуць даведацца вельмі шмат пра ўнікальныя шпалеры, прадстаўленыя ў экспазіцыях, - падзялілася намеснік дырэктара. - Лекцыя-візуалізацыя "Мастацтва жывапісу ніткай" стане яшчэ і захапляючым экскурсам у гісторыю шпалернага мастацтва. Мы прадставім цудоўную калекцыю шпалераў XVI-XVIII стст. Гэта калекцыя, якая складаецца з 16 экспанатаў, не мае аналагаў у музейных зборах Беларусі. Яна часткова кампенсуе прадметы, страчаныя за пяцісотгадовую гісторыю Мірскага замка. Замкавыя шпалеры ўяўляюць сабой навуковы і культуралагічны інтарэс, даюць уяўленне аб эвалюцыі еўрапейскага мастацтва шпалернага ткацтва, аб культурных сувязях з рознымі краінамі і паўсядзённым жыцці ўладальнікаў замка ў розныя перыяды яго існавання".

У красавіку ў Міры прадставяць лекцыю-візуалізацыю "Прадметы з музейных запаснікаў".

Музыка каля замкавых сцен

"Прадоўжыць сваё трыумфальнае шэсце праект "Музычны тэатр у Мірскім замку", - расказалі ў музеі. - Артысты і аркестр Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра ў чэрвені і ліпені падораць сустрэчу з даўно любімымі хітамі". Гэты праект быў адноўлены пасля працяглага перапынку ў 2023 годзе.

Аб родных-франтавіках

У год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, супрацоўнікі рыхтуюць праект "Я памятаю! Я ганаруся!", дзе размова пойдзе аб іх бліжэйшых сваяках, іх продках, якія ваявалі і ўсімі сіламі набліжалі доўгачаканую Перамогу. "Практычна ў кожнай беларускай сям'і ёсць свае героі, - падзялілася ідэяй пачынання намеснік дырэктара замкавага комплексу. - Няхай не ўсе былі генераламі, камандавалі арміямі і дывізіямі, а былі простымі салдатамі, усе яны ўнеслі свой уклад у Перамогу. Пра сваіх родных-франтавікоў  супрацоўнікі музея будуць расказваць на працягу ўсяго года і прадстаўляць свае гісторыі на афіцыйным сайце музея".

У музеі абноўлена экспазіцыя "Войны ХХ стагоддзя. Гета ў Мірскім замку 1942 г.", работа па стварэнні якой вялася на працягу ўсяго папярэдняга года. Асобным блокам прадстаўлена тэма генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Пісьмы княгіні і мода з мінулага

Наведвальнікаў Мірскага замка ў новым годзе чакае насычаны выставачны каляндар. Цяпер тут экспануецца тэматычная выстава "Погляд у мінулае: мода, стыль і прыгажосць". Тут дэманструюцца апошнія набыткі музея - неверагодным чынам захаваныя прадметы мінулых стагоддзяў, якімі карысталіся ў тэатрах, на балях, у час чаяпіцця і прагулак. Выстава прадоўжыцца да 25 лютага, а затым адправіцца ў падарожжа па Беларусі.

"На 2024 год запланаваны шэраг цікавых сумесных выставачных праектаў, - дадала Вольга Навіцкая. - З сакавіка па май пройдзе выстава "Вялікая княгіня Вольга Аляксандраўна. Усё жыццё, як на палатне" з Палацавага комплексу Альдэнбургскіх у Варонежскай вобласці Расійскай Федэрацыі. У яе аснове - пісьмы вялікай княгіні Вольгі Аляксандраўны брату (імператару Мікалаю II) і пляменніцам, дзённікавыя запісы і мемуарная літаратура. У ліпені намечана адкрыццё фотавыставы з фондаў Яраслаўскага музея-запаведніка, прысвечанай 110-годдзю пачатку Першай сусветнай вайны. Рыхтуюцца таксама сумесныя выставачныя праекты з Гродзенскім дзяржаўным музеем гісторыі рэлігіі, Веткаўскім музеем стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р.Шклярава.

Усёй сям'ёй і бясплатна

Да Міжнароднага дня сям'і ў музеі прапануюць бацькам з дзецьмі "Архітэктурныя галаваломкі". Праграма, насычаная сюрпрызамі, чакае гасцей у Міжнародны дзень музеяў. У кастрычніку ў замак запросяць пенсіянераў - для іх адбудзецца культурная акцыя "У цэнтры ўвагі - людзі залатога ўзросту", прымеркаваная да Міжнароднага дня пажылых людзей. Білеты на асноўную экспазіцыю для іх у гэты дзень будуць бясплатнымі. Культурная акцыя "У музей усёй сям'ёй", прымеркаваная да Тыдня бацькоўскай любові, прадаставіць бясплатнае наведванне экспазіцыі шматдзетным сем'ям.

Замак на экране

Для падпісчыкаў старонак у сацыяльных сетках музей у гэтым годзе запусціў новую рубрыку #стопкадр, дзе кожны трэці аўторак месяца будуць знаёміць з мастацкімі фільмамі, здымкі якіх праходзілі на тэрыторыі замкавага комплексу "Мір". Можна будзе не толькі даведацца шмат цікавых фактаў, але і ўбачыць, якім быў Мірскі замак у даваенныя і пасляваенныя гады, а таксама ў час аднаўленчых работ. Дзякуючы здымкам мастацкіх фільмаў гэта стала магчымым. Самага актыўнага чытача гэтай рубрыкі, які правільна будзе адказваць на пытанні, у канцы года чакае прыемны сюрпрыз.

Лілія НАВІЦКАЯ,
БЕЛТА.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі