Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 снежня 2022, 09:11

У Мінску завяршыўся гарадскі адбор на конкурсы "Славянскага базару". Хто прайшоў далей?

14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску прайшоў рэгіянальны гарадскі адборачны тур XXI Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск" і ХХХІІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск", паведамляе БЕЛТА.

Як адзначыла начальнік аддзела па рабоце з калектывамі народнай творчасці ДУ "Мінскканцэрт" (арганізатар Мінскага гарадскога адборачнага этапу) Марына Сенчанка, цікавасць да конкурсаў нязменна высокая. У гэтым годзе на адборачны тур было пададзена 35 заявак ад усіх раёнаў Мінска: 17 заявак на дзіцячы адборачны конкурс і 18 заявак на дарослы.

Згодна з умовамі конкурсу ў дарослым адборачным туры ўдзельнічалі выканаўцы, грамадзяне Беларусі, ва ўзросце ад 18 да 31 года. Яны павінны мець вопыт канцэртных выступленняў, а таксама заявіць аб сабе поспехамі ў міжнародных або рэспубліканскіх музычных конкурсах і фестывалях. Удзельнікам неабходна было выканаць дзве песні: эстрадную кампазітара славянскай краіны на адной са славянскіх моў і папулярную кампазіцыю на замежнай мове (сусветны хіт).

У адборачным туры дзіцячага музычнага конкурсу прымалі ўдзел выканаўцы ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў. Ім прапаноўвалася выканаць дзве эстрадныя песні: першую - беларускага аўтара на беларускай мове, другую - на выбар удзельніка, каб добра паказаць выканальніцкае майстэрства і артыстычныя здольнасці выканаўца.

Па выніках першага адборачнага тура для ўдзелу ў другім этапе вызначаны па пяць выканаўцаў ад Мінска ў конкурсе выканаўцаў эстраднай песні і дзіцячым музычным конкурсе.

Сярод дарослых выканаўцаў у другі тур прайшлі Алена Чыгілейчык, Святлана Хартановіч, Даніэла Цеплякова, Алеся Савіцкая і Кацярына Пяскоўская. А сярод дзяцей прафесійнае журы адабрала Эвеліну Захаранка, Макара Таранду, Яру Хасан, Кацярыну Лашкіну і Аляксандру Яраховіч.

"Усе члены журы адзначылі, што ў бягучым годзе вельмі моцныя ўдзельнікі - як дзеці, так і маладыя выканаўцы. Сапраўды, дзеці былі падрыхтаваны вельмі добра, у тым ліку тыя, хто ўдзельнічаў упершыню. Некаторыя мелі вопыт удзелу ў такіх адборах у мінулым годзе, але тады не прайшлі. Прааналізаваўшы памылкі і зрабіўшы высновы, яны правялі вялікую работу над сабой - і другі раз аказаўся ўдалым", - адзначыла Марына Сенчанка.

Паводле яе слоў, поспех выступлення залежыць ад многіх складнікаў, у тым ліку таленту выканаўцы, яго харызмы, эмацыянальнай падачы кампазіцыі.

Удзельнікі з усёй краіны, якія будуць лепшымі па выніках першых рэгіянальных адбораў, далей пакажуць свае таленты ў другім адборачным туры перад камісіяй Міністэрства культуры. Па яго выніках 20 удзельнікаў - 10 дзяцей і столькі ж дарослых - выйдуць у трэці, завяршальны тур, па выніках якога журы вызначыць адно дзіця і аднаго маладога выканаўцу, якія і прадставяць Беларусь на конкурсах "Славянскага базару ў Віцебску".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі