Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 студзеня 2021, 09:54

У Мінску прадставілі 20 акварэльных работ Васіля Шаранговіча па матывах творчасці Якуба Коласа

27 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстава "Уладарства холаду вяліка": зімовыя матывы ў творчасці Якуба Коласа і Васіля Шаранговіча адкрылася 26 студзеня ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У выставачным праекце сышліся два непераўзыдзеныя таленты: класік беларускай літаратуры Якуб Колас і народны мастак Беларусі Васіль Шаранговіч. Колас - адзін з лепшых прыродаапісальнікаў у беларускай літаратуры. Яго паэма "Новая зямля" - адзін з найвялікшых твораў, дзе ў цэлых пяці раздзелах паказана жыццё простай беларускай сялянскай сям'і менавіта ў зімовы час. Ён апісваў гэта прыгожа, ярка і маляўніча, - адзначыла галоўны хавальнік фондаў літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа праўнучка аўтара Васіліна Міцкевіч. - І адным з лепшых ілюстратараў гэтага твора з'яўляецца Васіль Пятровіч. Так тонка і жыва перадаць словы паэта ў графічных работах - сапраўднае майстэрства. Дарэчы, у гэтым месяцы, 14 студзеня, Шаранговіч адсвяткаваў сваё 82-годдзе".

На выставе прадстаўлена 20 карцін Васіля Шаранговіча, якія прысвечаны паэме "Новая зямля". Паводле слоў унучкі паэта Марыі Міцкевіч, для яе гэты твор мае вялікую каштоўнасць. "Як гаварыў Ніл Гілевіч, гэта кніга павінна быць у кожнага беларуса. З першай і да апошняй старонкі ў ёй ёсць столькі філасофскага сэнсу, паэзіі, разважанняў. Трэба адзначыць, што якраз зімовыя матывы ў паэме ствараліся далёка ад роднай Беларусі, на Куршчыне, дзе Якуб Колас быў у эвакуацыі пасля Першай сусветнай вайны. Ён вельмі хацеў прыехаць на радзіму, зноў убачыць беларускую прыроду - тое, што блізка яго сэрцу. Можа, менавіта таму так ярка напісаны зімовыя часткі ў паэме", - сказала яна. - І душа сапраўднага мастака Васіля Шаранговіча нібыта злучылася з паэтычным духам Коласа, што стала асновай для стварэння такіх цудоўных ілюстрацый. Хачу выказаць вялікую ўдзячнасць Васілю Пятровічу за яго творчасць, якая прадстаўлена не толькі ў музеі, але і ў сямейным архіве".

На мерапрыемстве прысутнічала дачка народнага мастака першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. Паводле яе слоў, Васіль Пятровіч стварыў 91 акварэльную ілюстрацыю ў 2001 годзе. Усе яны былі створаны ўсяго толькі за некалькі месяцаў. Ілюстраванае выданне выйшла ў свет у 2002 годзе. "Невыпадкова атрымалася так шмат малюнкаў. Калі ўзнікла ідэя стварыць гэту серыю работ, для Васіля Шаранговіча гэта было справай жыцця, ён вельмі сур'ёзна да гэтага ставіўся. Ён называў "Новую зямлю" самым вялікім эпасам у беларускай літаратуры. Асоба паэта была яму знаёма яшчэ з дзяцінства: у свой час маці чытала гэты вялікі твор па памяці. Тое, што апісваў і расказваў класік, - праз усё гэта Васіль Шаранговіч быццам прайшоў сам. Думаю, у выніку атрымалася галоўнае - склаўся яго ўласны мастацкі эпас па матывах "Новай зямлі", - падкрэсліла мастацтвазнавец.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі