Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 жніўня 2021, 16:10

У Мінску адкрылі помнік народнаму артысту Беларусі Ігару Лучанку

6 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску адкрылі помнік народнаму артысту Беларусі Ігару Лучанку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"З імем Ігара Лучанка звязаны выдатныя падзеі ў гісторыі беларускай музыкі. Дзякуючы невычэрпнай творчай энергіі, вялікай працаздольнасці, яркаму таленту кампазітар атрымаў усенароднае прызнанне. Кожны яго твор стаў гімнам любові, годнасці і гонару. Сёння я хачу выказаць словы ўдзячнасці калектыву аўтараў помніка за яркі вобраз у бронзе таленавітага і неардынарнага чалавека. У гісторыі Беларусі ён назаўсёды застанецца ўзорам адданага служэння беларускай культуры. Памяць пра Ігара Лучанка заўсёды будзе ў нашых сэрцах", - сказаў міністр культуры Анатоль Маркевіч у час адкрыцця надмагільнага помніка народнаму артысту Беларусі.

Сёння Ігару Лучанку магло б споўніцца 83 гады. Яго песні ведаюць і любяць усюды. Ігар Лучанок быў чалавекам добрым, шчодрым, велікадушным, яго душа, як і яго музыка, заўсёды была адкрыта людзям. Музыка народнага артыста зрабіла Беларусь яшчэ больш цудоўнай, роднай, блізкай кожнаму з нас.

"Ігар Лучанок - знакавая персона беларускай культуры, ён адкрыў новую эру ў гісторыі айчыннай музыкі. Творчасць кампазітара прызнана не толькі ў Беларусі, але і па ўсім свеце. Ён не аднойчы станавіўся лаўрэатам розных конкурсаў, яго кампазіцыі ўваходзяць у залаты фонд вядомых твораў. Ужо 17 гадоў на вежы мінскай ратушы куранты адбіваюць мелодыю, напісаную Ігарам Лучанком, якая стала гімнам беларускай сталіцы. Мы з пачуццём вялікай удзячнасці аддаём даніну павагі і памяці нашаму вялікаму кампазітару", - падкрэсліў начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталь Брэль.

Мемарыял выкананы скульптарамі Іванам Міско і Аляксандрам Фінскім і архітэктарамі Віктарам Крамарэнкам і Юрыем Мамліным пры фінансавай падтрымцы Міністэрства культуры. Стварэнню папярэднічаў аб'яўлены міністэрствам конкурс, у якім удзельнічала дзевяць творчых праектаў, але перамог аўтарскі калектыў народнага мастака Беларусі Івана Міско. Манумент выкананы ў цёплых бардовых тонах, надмагільная пліта лаканічна паўтарае сілуэт верху раяля, а бюст на пастаменце плаўна агінае вакальны радок як сімвал адлятаючай у вечнасць песні "Мой родны кут".

Афіцыйна адкрылі помнік Ігару Лучанку Анатоль Маркевіч і жонка кампазітара Аляксандра Лучанок. "Я выказваю глыбокую ўдзячнасць Міністэрству культуры за фінансавую падтрымку ў стварэнні помніка, Беларускаму саюзу кампазітараў, мастацкаму савету і таленавітым творцам - стваральнікам надмагільнага помніка, музыкантам за выкананне яго кампазіцый. Удзячна таксама ўсім сябрам і гасцям, якія прыйшлі сёння, каб чарговы раз ушанаваць памяць кампазітара", - дадала Аляксандра Лучанок.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі