
14 ліпеня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Інтэрактыўныя заняткі для самых маленькіх правядуць у бліжэйшыя выхадныя супрацоўнікі Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В.Масленікава. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў аддзеле навукова-выдавецкай дзейнасці і маркетынгу ўстановы культуры.
Наведаць інтэрактыўны занятак "Паданне пра рускіх асілкаў" прапануюць юным магіляўчанам 16 ліпеня. Дзеці азнаёмяцца з карцінамі Віктара Васняцова, прысвечанымі старадаўнім былінам і самым вядомым казкам.
"Услаўляючы асілкаў і абаронцаў Радзімы, быліны заклікалі на подзвіг у імя Айчыны, уздымалі ў гады цяжкіх нягод дух народа, выхоўвалі любоў і павагу да роднай зямлі, - расказалі ў музеі. - Прыклад непераможных асілкаў ва ўсе часы ўсяляў у людзей мужнасць, умацоўваў пачуццё абавязку і гонару. Дзеці не толькі пачуюць цікавы расказ, але і прымераюць адзенне старажытных воінаў, у якім можна будзе сфатаграфавацца".
Серыя інтэрактыўна-пазнавальных заняткаў, разлічаных на дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, прадоўжыцца 17 ліпеня. На занятку "Чароўнае пісьмо" дзеці пазнаёмяцца з асноўнымі матэрыяламі і інструментамі, якімі мастак стварае карціны. Ім раскажуць пра ўласцівасці і адрозненні паміж акварэллю, гуашшу і алеем, а таксама прапануюць намаляваць уласны мастацкі шэдэўр.-0-