Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
26 сакавіка 2019, 16:25

У ліку гледачоў Вялікага тэатра Беларусі 30 працэнтаў - замежныя грамадзяне

26 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На прэм'еры Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі рэгулярна прыязджаюць гледачы з дзясяткаў краін свету, расказала журналістам намеснік генеральнага дырэктара тэатра Святлана Казюліна падчас круглага стала, прымеркаванага да Сусветнага дня тэатра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы пастаянна праводзім маніторынг на наведвальнасць тэатра, аналізуем, хто купляе і дзе купляе. Сёння 70 працэнтаў нашага гледача - беларусы, а 30 працэнтаў - людзі, якія прыязджаюць з 90 краін свету. Але ў дзясятцы лідараў - Германія, Італія, Бельгія, Францыя, Расія, Украіна, ЗША, Канада, Мексіка, Аўстрыя. Мы працуем з усім светам і робім усё, каб нас ведалі, чаму, безумоўна, садзейнічаюць рэгулярныя гастролі нашых артыстаў", - адзначыла Святлана Казюліна.

Яна падкрэсліла, што вельмі важна, каб сённяшні глядач заставаўся і прыходзіў новы. "Для гэтага трэба быць з гледачом у інтэрактыве. Мы павінны натхняць і заваёўваць яго сэрцы, у той жа час развіваючы і турызм у нашай краіне", - сказала намеснік генеральнага дырэктара. Паводле яе слоў, тэатр працуе са шматлікімі турыстычнымі кампаніямі розных краін.

Акрамя таго, Вялікі тэатр Беларусі заключыў 31 мемарандум аб супрацоўніцтве з сусветнымі музычнымі пляцоўкамі, што дазваляе запрашаць на беларускую сцэну замежных артыстаў і прадстаўляць сваіх за мяжой. Напрыклад, на "Балетнае лета ў Вялікім" запрошаны тэатр "Кіеў-мадэрн балет" пад кіраўніцтвам Раду Паклітару.

За апошнія гады ў Вялікім пастаўлена больш за 50 новых спектакляў, у яго рэпертуары каля 90 пастановак, а ў афішы - 30-35. "Праз месяц адбудзецца прэм'ера вядомай аперэты "Лятучая мыш" Іагана Штрауса. Над яе пастаноўкай працуе рэжысёр з Венгрыі Міклаш Габар Керэньі. Дарэчы, на першыя тры прэм'ерныя спектаклі білеты прададзены. Яшчэ ў гэтым тэатральным сезоне пакажам адноўленую "Кармэн-сюіту" Валянціна Елізар'ева, а наступны пачнём операй "Князь Ігар" рэжысёра Галіны Галкоўскай. Акрамя таго, Валянцінам Елізар'евым рыхтуецца новая аўтарская рэдакцыя балета "Стварэнне свету", а над балетам "Ганна Карэніна" на музыку Пятра Чайкоўскага працуе наш малады харэограф Вольга Кастэль", - анансавала намеснік генеральнага дырэктара тэатра.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі