Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
29 лістапада 2018, 15:33

У Крэўскім замку завяршаецца аднаўленне паўночна-заходняй сцяны

29 лістапада, Гродна /Кар. БЕЛТА/. Да канца года ў Крэўскім замку адновяць і накрыюць чарапічным дахам паўночна-заходнюю сцяну. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Смаргонскім райвыканкаме.

На гэтыя мэты з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва ў бягучым годзе было выдзелена каля Вr880 тыс. Пазней праект скарэкціравалі: на работы па кансервацыі і аднаўленні фрагментаў Крэўскага замка на 2018 год было накіравана каля Br1,05 млн.

"Канцэпцыя аднаўлення замка прадугледжвае два этапы. Першы - кансервацыя, падзеленая на пяць частак. Спачатку ішла кансервацыя Княжацкай вежы, што было выканана ў 2017 годзе, потым - частковая кансервацыя на ўчастку ў памеры 27 м паўночна-заходняй сцяны, а таксама рэстаўрацыя астатняй часткі па прынцыпе "ўстойлівыя руіны". Сцяна замка цяпер аднаўляецца не на першапачатковую вышыню, а на вышыню захаваных фрагментаў", - расказала начальніца аддзела культуры Смаргонскага райвыканкама Таццяна Ражава. Накрываецца сцяна і чарапічным дахам.

Работы на паўночна-заходняй сцяне набліжаюцца да завяршэння. Работнікі ААТ "Белрэстаўрацыя" працуюць на вышыні амаль 10 м.

"Задача складаная і адказная. У бутавым муры выкарыстоўваецца нестандартны матэрыял - валуны вагой ад 30 да 60 кг. Гэта складана фізічна, няпроста і з пункту гледжання будаўніцтва", - расказвае майстар "Белрэстаўрацыі" Уладзімір Вайцаховіч. Дарэчы, і цэгла, якая выкарыстоўваецца рэстаўратарамі, ручной работы. Рознай ступенню абпалу ёй надаецца пэўнае адценне. Так таксама дасягаецца эфект даўніны. Дарэчы, нават раствор для аднаўлення Крэўскага замка быў распрацаваны па спецыяльнай тэхналогіі.

Тут работы плануецца завяршыць да канца года. Далей па чарзе будуць аднаўляцца астатнія сцены. У рабоце для бутавага муру будзе выкарыстоўвацца мясцовы камень. Гэтага матэрыялу яшчэ хапае на тэрыторыі замка, пры неабходнасці яго збяруць у ваколіцах.

Другі этап у перспектыве прадугледжвае рэстаўрацыю Княжацкай вежы замка, прылеглых да яе сцен. Адновяць і баявую галерэю ўздоўж адной са сцен. Госці Крэўскага замка змогуць пабываць унутры вежы, азнаёміцца з побытам. Плануецца аднавіць уязныя вароты ў замак з пад'ёмным механізмам.

Паўнацэнны музей, а экспанатаў для яго ўжо хапае, плюс напэўна з'явяцца новыя цікавыя знаходкі ў час наступных археалагічных пошукаў, будзе адкрыты пасля паўнацэннай рэстаўрацыі Крэўскага замка. З аднаўленнем паўночна-заходняй сцяны ўжо ў наступным турыстычным сезоне на тэрыторыі замка запланавана правядзенне анімацыйных праграм.

"Аб'ект карыстаецца папулярнасцю ў турыстаў. Нават цяпер у выхадныя сюды прыязджаюць па некалькі аўтобусаў турыстаў. У далейшым пасля паэтапнай рэалізацыі праекта паток турыстаў, у тым ліку і замежных, узрасце", - адзначыла Таццяна Ражава. Магчыма, у перспектыве замак зможа самастойна зарабіць частку сродкаў на рэстаўрацыю.

Ва ўпраўленні культуры Гродзенскага аблвыканкама расказалі, што актыўна прадаўжаюцца рэстаўрацыйныя і рамонтныя работы адразу на некалькіх важных архітэктурных помніках рэгіёна, напрыклад, у Старым замку ў Гродне, Лідскім і Гальшанскім замках, Палацава-паркавым комплексе Свяцк, Каложскай царкве XII стагоддзя ў абласным цэнтры.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі