9 снежня, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. У рэспубліканскім адкрытым конкурсе аматарскіх фільмаў імя Юрыя Тарыча "Я здымаю кіно", які пройдзе ў Полацку 9-10 снежня, на суд журы будуць прадстаўлены 140 работ. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Полацкім райвыканкаме.
"Аматары ігравога і неігравога кіно, анімацыйных фільмаў і сацыяльных ролікаў, тэматычных тэлевізійных праграм з усіх абласцей Беларусі і больш як 40 гарадоў Расіі прадставяць на суд журы сваю творчасць. Конкурсныя работы будуць ацэньвацца ў пяці намінацыях, і ў кожнай з іх вызначаць пераможцаў у трох катэгорыях - дэбют, аматар і майстар. На афіцыйным сайце конкурсу ўжо завяршылася глядацкае галасаванне за ўпадабаны фільм або ролік. Інтэрнэт-карыстальнікі не толькі галасавалі, але і каменціравалі конкурсныя работы, недзе хвалілі, недзе давалі парады, але адназначна былі неабыякавыя да работ і іх аўтараў. Дыплом глядацкіх сімпатый будзе ўручаны на цырымоніі падвядзення вынікаў конкурсу", - расказалі арганізатары.
Акрамя кінапаказаў, удзельнікаў і гасцей конкурсу чакаюць майстар-класы ад прафесійнага аператара і рэжысёра-пастаноўшчыка, а таксама творчыя сустрэчы з кінематаграфістамі. "Гэта адна з асаблівасцей нашага мерапрыемства - журы не толькі ацэньвае творчыя работы, але і навучае тонкасцям кінамастацтва. У бягучым годзе ў госці да нас прыбудуць прадстаўнікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Прарэктар акадэміі Андрэй Васілеўскі раскажа аб прафесіях, якія там можна атрымаць, паступленні ва ўстанову адукацыі і адкажа на ўсе пытанні аўдыторыі", - адзначылі ў райвыканкаме.
Традыцыйна на заключным этапе конкурсу будзе арганізавана дабрачынная акцыя Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". У кінатэатры "Радзіма" пройдуць паказы мастацкага фільма "Падрыў" і анімацыйнай стужкі "Зоркі сёмага неба", адбудуцца творчыя сустрэчы з рэжысёрам-пастаноўшчыкам Іванам Паўлавым і мастацкім кіраўніком студыі маладзёжнага кіно Аленай Туравай.-0-