Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 лютага 2020, 16:01

У фонд Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва паступіла з пачатку года больш за Br1 млн

17 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сумы адлічэнняў у фонд Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва апошнія гады павялічваюцца. З пачатку 2020 года паступіла ўжо больш за Br1 млн. Аб гэтым паведаміла 14 лютага ў прэс-цэнтры БЕЛТА начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Наталля Хвір.

Згодна з указам нумар 527 "Аб некаторых пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны" юрыдычныя асобы, дзейнасць якіх аказвае ўплыў на гісторыка-культурныя каштоўнасці, павінны пералічваць у фонд Прэзідэнта 5 працэнтаў ад прыбытку. "За апошнія гады Міністэрствам культуры сумесна з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі ўлады праведзена значная работа па арганізацыі выплаты такіх адлічэнняў. У рамках указа нумар 527 у фонд Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва ў 2018 годзе паступіла больш за Br700 тыс., у 2019-м - больш за Br900 тыс., а за бягучы перыяд 2020 года - больш за Br1,1 млн", - сказала Наталля Хвір.

Больш за Br1,6 млн з фонду Прэзідэнта ў 2018 годзе былі накіраваны на работы па кансервацыі з рэстаўрацыяй фрагментаў замка ў Крэве, фрагментаў руін былога замка Сапегаў у Гальшанах, рэстаўрацыйныя работы ў палацава-паркавым ансамблі Пуслоўскіх у Косаве, у 2019 годзе Br2,3 млн было накіравана на абнаўленне замка Сапегаў, радавога маёнтка Напалеона Орды ў Іванаўскім раёне, былога касцёла езуітаў у Мсціславе, капліцу-пахавальню князёў Паскевічаў у Гомелі і Спаса-Праабражэнскую царкву ў Полацку.

Гісторыка-культурная спадчына Беларусі сёння прадстаўлена 5585 аб'ектамі, якія ўключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Усяго за 2018-2019 гады завершаны рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на 238 аб'ектах гісторыка-культурных каштоўнасцей. Сярод іх, напрыклад, будынак музея В.К. Бялыніцкага-Бірулi, царква ў Сынковічах, аб'екты мемарыяльнага комплексу Брэсцкай крэпасці, паўночна-ўсходняя вежа Лідскага замка, мемарыяльны комплекс "Прарыў", будынак "Беларусьфільма", абеліск "Мінск - горад-герой", стадыён "Дынама", мемарыяльны комплекс "Трасцянец".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі