Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 сакавіка 2021, 19:29

У Брэсце аб'явілі імёны лаўрэатаў конкурсу маладых піяністаў імя Рыхтэра

19 сакавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце сёння ўзнагародзілі лаўрэатаў IV Міжнароднага конкурсу маладых піяністаў імя Святаслава Рыхтэра, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Можна сказаць, што гэты музычны конкурс адбыўся не дзякуючы, а насуперак. З-за кавідных абмежаванняў арганізатарам давялося прыкласці максімум намаганняў, каб вырашыць пытанне з прыездам замежных гасцей. Але галоўнае, што ўсё было недарма: і ўдзельнікі, і члены журы засталіся задаволенымі вынікам.

"Гэты конкурс стаў першай ластаўкай нашага вяртання да прывычнага ладу жыцця, вяртання на сцэну ўсіх гэтых таленавітых дзяцей. У гэтым яго ўнікальнасць. Цяперашні конкурс не мог быць шырокім - цяпер, зразумела, менш удзельнікаў. Але дзіўным чынам атрымалася так, што канкурсанты ў абедзвюх групах - малодшай і старэйшай - былі вельмі цікавыя. Проста адораныя дзеці, юнакі і дзяўчаты. Таму конкурс для мяне будзе асаблівым і застанецца ў памяці надоўга", - прызнаўся старшыня журы загадчык кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі дацэнт Уладзімір Дулаў.

Музычныя спаборніцтвы праходзілі чатыры дні ў два туры. Для праслухоўвання канкурсантаў і майстар-класаў музычны каледж імя Р.Шырмы прадаставіў сваю камерную залу. Маладыя піяністы выконвалі абавязковыя творы і класічную музыку на выбар, дэманструючы не толькі тэхнічныя магчымасці, але і эрудыцыю, глыбіню і псіхалагізм.

У выніку ў старэйшай групе члены журы прысудзілі дзве першыя прэміі - студэнту Саратаўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Л.В.Собінава Георгію Дароднаву і студэнтцы БДАМ Настассі Карпук. У малодшай групе лепшай прызнана навучэнка гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка Хрысціна Грыцкова.

"Я трэці раз тут і назіраю рост узроўню прыезджых музыкантаў. Мяне вельмі парадаваў гэты конкурс. Хоць складана давялося дабірацца з-за ўсіх гэтых цяжкасцей. Дадому едзем з выдатным пачуццём і надзеяй, што наступны раз будзе ўсё спакойна, вернецца прывычнае жыццё. А мы сталі больш моцнымі, таму што паспрабавалі ў складаных умовах гэта зрабіць, і ў нас атрымалася", - падзяліўся ўражаннем кампазітар і піяніст-віртуоз з Польшчы Канстанцін Віленскі.

Міжнародны конкурс піяністаў імя Святаслава Рыхтэра праходзіць раз у два гады. Яго арганізатарамі выступаюць Брэсцкі гарвыканкам, абласное музычнае таварыства, Брэсцкі дзяржаўны музычны каледж імя Р.Шырмы.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі