Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 мая 2021, 17:28

У Беларусі стартуе выстава-конкурс дзіцячай творчасці "АрхНавацыя"

28 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі стартуе рэспубліканская выстава-конкурс дзіцячай творчасці "АрхНавацыя-2021", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

Як адзначылі ў ведамстве, конкурс, мэтамі якога з'яўляюцца павышэнне цікавасці да архітэктуры роднага краю, развіццё дзіцячай архітэктурна-мастацкай творчасці, выяўленне і падтрымка юных талентаў, праводзіцца ў Беларусі на працягу дзесяці гадоў. У гэтым годзе "АрхНавацыя" пройдзе ў рамках Беларускага архітэктурнага тыдня.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца навучэнцы аб'яднанняў па інтарэсах устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, агульнай сярэдняй адукацыі, устаноў сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі з архітэктурным профілем, а таксама індывідуальныя ўдзельнікі ва ўзросце ад 4 да 20 гадоў.

Выстава-конкурс праводзіцца ў чатыры этапы: першы (адборачны) - пройдзе ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і іншых установах адукацыі ў верасні, другі (раённы і гарадскі) - таксама ў верасні, трэці (абласны і Мінскі гарадскі) - у кастрычніку, а завяршальны (рэспубліканскі) этап адбудзецца ў кастрычніку-лістападзе.

Для ўдзелу ў конкурсе прымаюцца выяўленчыя работы (жывапіс, графіка, змешаная тэхніка); праекты размалёўкі (мазаікі, графіці, стрыт-арт) фасадаў будынкаў, мікрараёна; архітэктурныя макеты - аб'ёмна-прасторавыя выявы праектуемага або існуючага збудавання, архітэктурнага ансамбля; мастацкія фатаграфіі (фотарэпартаж, серыя работ пра гісторыю, развіццё і змяненне дома, вуліцы, горада); відэафільмы працягласцю да 5 мінут. Конкурсныя работы павінны адпавядаць вызначаным ва ўмовах творчага спаборніцтва тэматыкам: "Дзіцячая архітэктура будучыні", "Парк будучыні", "Гульнявыя пляцоўкі будучыні", "Яркі горад", "Будаўніцтва ўчора, сёння, заўтра", "Архітэктары Беларусі" і "Рэстаўрацыя ў Беларусі".

Заяўкі на ўдзел у заключным этапе выставы-конкурсу прымаюцца да 8 кастрычніка. Іх можна накіраваць па адрасе г. Мінск, вул. Кірава, 16.

Па выніках конкурсу дзіцячай творчасці "АрхНавацыя - 2021" у выставачнай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі з 26 кастрычніка па 20 лістапада пройдзе выстава лепшых работ.

Арганізатарамі конкурсу выступаюць Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі