Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 сакавіка 2021, 15:11

У 2020 годзе рэалізавана больш за 20 культурных праектаў дзякуючы грантам Прэзідэнта

12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У 2020 годзе было рэалізавана 23 праекты дзякуючы грантам Прэзідэнта Беларусі ў галіне культуры. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве культуры.

Гранты вылучаліся для правядзення культурна-відовішчных мерапрыемстваў і наватарскіх праектаў для развіцця беларускай культуры і захавання нацыянальных духоўных традыцый.

Так, у Нацыянальным гістарычным музеі прайшлі экспазіцыйныя праекты "Беларускі касцюм: мінулае і сучасны дызайн" і "Музейныя калекцыі: другое нараджэнне". У Нацыянальным мастацкім музеі публіка ўбачыла наватарскія выставы "Ян Дамель. Палатно, папера, лічба" і "Чырвоны - код нацыі. Сакральнасць, эстэтыка, улада". У ходзе рэалізацыі наватарскага праекта "Мінулае мае будучыню: дыялог культуры і навукі" праведзены міжнародная археалагічная канферэнцыя "Экспедыцыя працягласцю ў жыццё. Актуальныя пытанні археалогіі і нумезматыкі Беларусі і сумежных рэгіёнаў", два навуковыя семінары "Вытокі беларускай археалогіі", валанцёрскі археалагічны лагер "Наўры - 2020". Па выніках праекта створаны часовыя экспазіцыі "Археалагічны помнік: Фіксацыя мінулага ў мінулым", "Археалагічныя тэкстуры: натхненне мінулым", "Археалогія смерці: Памяць. Вечнасць. Продкі".

Да 75-годдзя перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі ў час экспазіцыі "Перамаглі разам. Франтавыя пісьмы як пасланне з мінулага" прадставілі больш за 1,2 тыс. пераведзеных у лічбавы фармат франтавых пісем, паведамленняў, дакументаў, фатаграфій і шматлікі дапаможны матэрыял.

Акрамя таго, паспяхова выступілі на міжнародных конкурсах і фестывалях навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа, Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў прэзентаваў у Палацы культуры ветэранаў у Мінску канцэрт "Туці збірае сяброў", а таксама музычны праект "Песні пакаленняў" у Маладзёжным тэатры эстрады.

У Нацыянальным Полацкім гісторыка-культурным музеі-запаведніку пры рэалізацыі праекта "Мне лёсам вызначаны Полацк..." арганізавана серыя мерапрыемстваў, якія прысвечаны творчасці дзеячаў беларускай культуры, створана тры відэафільмы, сабрана больш за 500 прадметаў музейнага значэння, звязаных з дзейнасцю ганаровых грамадзян Полацка.

У Доме рамёстваў і фальклору Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Гарадоцкага раёна выраблены адзін падлогавы і чатыры настольныя станкі для ткацтва ручнікоў. Саткана пяць традыцыйных ажурных ручнікоў, арнаменты якіх распрацаваны ў адпаведнасці з ўзорамі фондаў Гарадоцкага раённага краязнаўчага музея.

Інтэрнэт-рэсурс "Падпольны і партызанскі друк Беларусі" прэзентаваны на анлайн-партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. На сайце можна знайсці 120 найменняў газет і 1315 выпускаў, 40 медыядакументаў, 152 лістоўкі, 13 рукапісных матэрыялаў, 73 выяўленчыя дакументы, 135 плакатаў. Акрамя гэтага, створаны анлайн-рэсурс "Рукапісы сучасных беларускіх аўтараў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі".

Па выніках правядзення праекта "Рэха Перамогі" створана і размешчана на сайце Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І.Леніна паўнатэкставая база даных, якая ўключае 3027 артыкулаў з рэспубліканскіх, абласных і раённых газет за перыяд з 1945 па 1965 год. Выяўлена 2868 персаналій і 562 населеныя пункты, дзе альбо праходзілі баявыя дзеянні, альбо нарадзіліся ці жылі ўдзельнікі ВАВ. Таксама ва ўстанове створаны электронны рэсурс "Андрэй Макаёнак - чалавек, драматург, майстар", экспанавалася банерная выстава "Тэатр - крыніца яго натхнення".

Вынікі і эфектыўнасць праектаў у сферы культуры, для выканання якіх былі прадастаўлены гранты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2020 год, былі разгледжаны рэспубліканскай камісіяй па грантах Прэзідэнта. Як адзначылі ў ведамстве, вынікі рэалізаваных праектаў актуальныя і запатрабаваныя ў дзейнасці арганізацый культуры, прадаўжаюць прыносіць даход, выкарыстоўвацца пры правядзенні розных мерапрыемстваў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі