Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 жніўня 2021, 16:44

Тыдзень індыйскага кіно адкрыўся ў Мінску

10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тыдзень індыйскага кіно адкрыўся ў Мінску, паведамілі БЕЛТА ў Пасольстве Рэспублікі Індыя ў Беларусі.

Урачыстае адкрыццё Тыдня індыйскага кіно ў Мінску адбылося напярэдадні 75-годдзя незалежнасці Індыі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел Пасол Індыі ў Рэспубліцы Беларусь Алок Ранджан Джа, намеснік міністра культуры Валерый Грамада, прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі і дыпламатычнага корпуса.

"Супрацоўніцтва Беларусі і Індыі ў галіне кінематографа няўхільна развіваецца. У 2019 годзе было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж кінастудыяй "Беларусьфільм" і індыйскай кампаніяй Scintillating Global, індыйскае кіно штогод прадстаўляецца на Мінскім міжнародным кінафестывалі "Лістапад", а беларускія фільмы прымаюць актыўны ўдзел у індыйскіх кінафестывалях і становяцца яго прызёрамі", - адзначыў Валерый Грамада. Ён таксама выказаў надзею, што Тыдзень індыйскага кіно ў Мінску стане добрай традыцыяй.

Пасол Індыі цёпла падзякаваў усім гасцям за ўвагу да фестывалю і адзначыў, што культура з'яўляецца найважнейшым аспектам любой нацыі. "Музыка, літаратура, традыцыйны танец, кухня Індыі заваявалі не адно сэрца па ўсім свеце. Але сярод розных напрамкаў культуры асабліва вылучаецца індыйскае кіно, якое захапляе людзей ва ўсім свеце, пераадольваючы тэрытарыяльныя і моўныя бар'еры. Аднак з часоў папулярнасці індыйскіх фільмаў у Савецкім Саюзе Індыя змянілася, а разам з ёй змянілася і індыйскае кіно, з якім пасольства і хоча пазнаёміць беларускага гледача", - падкрэсліў Алок Ранджан Джа.

Тыдзень індыйскага кіно праходзіць у кінатэатры "Беларусь" і прадоўжыцца да 15 жніўня. Арганізатары ўпэўнены, што любы глядач знойдзе сабе карціну даспадобы: гістарычныя драмы, камедыі, баевікі, фільмы для сямейнага прагляду - уся палітра сучасных жанраў кінематографа чакае гасцей на фестывалі. Уваход свабодны.

Фестываль арганізаваны Пасольствам Рэспублікі Індыя ў Рэспубліцы Беларусь пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі