
23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фестываль харавой музыкі "Хорам адзіныя" пройдзе 24-26 лютага ў Мінску. Такая інфармацыя размешчана на сайце Беларускай асацыяцыі харавых дырыжораў, паведамляе БЕЛТА.
Ужо 4-ы раз Беларускі саюз музычных дзеячаў і Беларуская асацыяцыя харавых дырыжораў аб'яднаюць харавыя калектывы з розных абласцей Беларусі для сумесных спеваў. Да харавога свята далучацца калегі з Магілёва і Масквы.
У ходзе фестывалю пройдуць творчыя сустрэчы і майстар-класы. У прыватнасці, запланаваны майстар-клас заслужанай артысткі РФ, лаўрэата прэмій прэзідэнта РФ, урада РФ і мэрыі Масквы Таццяны Жданавай і хору "Адраджэнне" ўстановы дадатковай адукацыі Масквы "Цэнтр творчага развіцця і музычна-эстэтычнай адукацыі дзяцей і юнацтва "Радасць".
Яркім завяршэннем творчага ўік-энду стане 4-ы канцэрт цыкла "Харавыя легенды" ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У праграме прагучаць хоры з опер П.Чайкоўскага, А.Барадзіна, творы С.Пракоф'ева, В.Калістратава, І.Лучанка. Унікальным нумарам канцэрта стане выкананне "Кароткай месы" Леа Дэліба ўзорным хорам Tutti дзіцячай музычнай школы мастацтваў нумар 8 імя Р.Шырмы і дзіцячым хорам "Аўрора" (Масква) пад кіраўніцтвам Настассі Бяляевай і Ігара Алоўнікава (арган).-0-