Сцяг Субота, 13 ліпеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
21 чэрвеня 2024, 15:05

Творчыя калектывы пяці краін чакаюць на фестывалі "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне"

Фота газеты "Дняпроўская праўда"
Фота газеты "Дняпроўская праўда"
21 чэрвеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. XXX Міжнародны фестываль песні і музыкі "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне" пройдзе з 21 па 23 чэрвеня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла загадчык сектара культуры Дубровенскага райвыканкама Алена Якавенка.

Фестываль збярэ творчыя калектывы з пяці краін: Беларусі, Расіі, Казахстана, Латвіі і Рэспублікі Карэя. Апошнюю прадставіць Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур Мінска. Расійскія артысты прыбудуць са Смаленскай, Пскоўскай абласцей і Рэспублікі Татарстан. "У бягучым годзе чакаем 23 калектывы, гэта амаль 300 чалавек", - растлумачыла загадчык сектара культуры.

Праграма разлічана на тры дні, першы з якіх напоўняць маладзёжнае свята, выступленні мясцовых калектываў і ансамбляў, юных фіналістаў рэгіянальнага вакальнага конкурсу "Салаўіныя ноткі". Знаёмства з гасцямі запланавана на 22 чэрвеня, у той жа дзень адбудзецца афіцыйнае адкрыццё юбілейнага фестывалю. Новым праектам для яго стане "Вянок дружбы". Паводле задумы, кожны калектыў упляце ў яго сваю стужку з назвай горада, адкуль прыехаў. А ўжо ў нядзелю на гала-канцэрце закрыцця гатовы вянок урачыста запусцяць па рацэ Днепр.

"У рэалізацыі гэтага праекта будуць прымаць удзел усе калектывы і госці фестывалю. Неад'емнай часткай вянка будуць галіны дуба - сімвала нашага горада з вялікім гістарычным мінулым. З даўніх часоў лічылася, што пры вырабе вянка чалавек уплятае свой лёс, таму думкі яго павінны быць добрымі, чыстымі і прыгожымі. Упэўнена, што наш вянок дружбы не толькі атрымаецца прыгожым, але і будзе ўвасабленнем моцнай, дружалюбнай і міралюбнай энергетыкі", - сказала Алена Якавенка.

Паколькі фестываль праходзіць у год 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, патрыятычнай тэматыцы прысвечаны цыкл праектаў. Мітынг, краязнаўчая канферэнцыя пра подзвіг, якому жыць у стагоддзях, спектакль паводле п'есы І.Грэкавай "Удовін параход" у пастаноўцы раённага цэнтра культуры, дыялогавая пляцоўка з удзелам артыстаў Маладзёжнага тэатра эстрады ў дзіцячай школе мастацтваў і канцэрт фіналістаў абласнога конкурсу маладых выканаўцаў "Песні юнацтва нашых бацькоў". Кожны год на фестывалі праводзяць урачысты мітынг-рэквіем на мемарыяльным комплексе "Рыленкі". Тут жа на гэты раз адбудзецца і народная акцыя "З песняй - да Перамогі". Прысутныя ва ўнісон выканаюць "Паклонімся вялікім тым гадам". Каля мемарыяла правядуць і акцыю да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

Пленэр мастакоў, кірмаш майстроў, тэатралізаваныя пляцоўкі, выстава-прэзентацыя, конкурсы і разнастайныя канцэрты ў падарунак гораду - "Дняпроўскія галасы ў Дуброўне" абяцаюць быць выключнымі.

Трэці дзень форуму адкрые аўтапрабег з удзелам мотаклуба з Оршы. Каля трох дзясяткаў матацыклаў, а, верагодна, і больш, пазней праводзяць удзельнікаў да памятнага знака і ўзначаляць тэатралізаванае шэсце. Калона накіруецца да гарадскога стадыёна, дзе на гала-канцэрце двухколавая тэхніка пройдзе ганаровы круг са сцягамі пяці краін-удзельніц. Тут адбудзецца цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў конкурсаў. Завершыцца юбілейны фестываль гучна - неба над Дуброўнам расквеціць святочны феерверк.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі