Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
31 жніўня 2021, 16:08

Творчыя калектывы 25 нацыянальнасцей прымуць удзел у адкрыцці фестывалю нацыянальных культур у Мінску

31 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінску ў Верхнім горадзе 11 верасня адкрыецца XIII Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе Міністэрства культуры.

"Падчас адкрыцця фестывалю з 12.00 да 17.00 пройдзе канцэртная праграма з удзелам творчых калектываў і індывідуальных выканаўцаў розных нацыянальнасцей - беларусаў, азербайджанцаў, армянаў, афганцаў, башкіраў, грузін, дагестанцаў, яўрэяў, ірландцаў, італьянцаў, індыйцаў, карэйцаў, кітайцаў, літоўцаў, малдаван, немцаў, палякаў, палесцінцаў, рускіх, татараў, туркменаў, украінцаў, цыганоў, чувашоў, эстонцаў", - расказалі ў міністэрстве.

У якасці запрошаных гасцей у канцэрце прымуць удзел заслужаны калектыў Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі, Нацыянальны акадэмічны народны хор Беларусі імя Г.І.Цітовіча, салісты Беларускай дзяржаўнай філармоніі, заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны ансамбль танца "Дружба".

"На тэрыторыі Верхняга горада размесцяць выставу традыцыйных касцюмаў і прадметаў побыту нацыянальных культур, вырабаў народных рамёстваў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, а рэстараны сталіцы прадставяць стравы нацыянальнай кухні", - дадалі арганізатары.

Плануецца, што ва ўрачыстым адкрыцці фестывалю прымуць удзел прадстаўнікі Мінкультуры, Мінгарвыканкама, пасольстваў замежных дзяржаў, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, а таксама старшыні нацыянальна-культурных грамадскіх аб'яднанняў.

Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур праводзіцца ў два этапы. Першы - урачыстае адкрыццё і адборачныя туры ў рэгіёнах Беларусі. Кожны з іх прадстаўляе канцэртную праграму і выставы з удзелам прадстаўнікоў нацыянальнасцей, якія пражываюць у гэтым рэгіёне. Цяпер фарміруецца журы па жанравых напрамках: харэаграфія, вакал, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і інструментальная музыка.

Другі этап - заключныя мерапрыемствы ў Гродне. У першы дзень арганізуюць шэсце прадстаўнікоў нацыянальных дыяспар, святочны канцэрт з удзелам творчых калектываў нацыянальна-культурных аб'яднанняў і прафесійных артыстаў, а ў заключны дзень будуць працаваць нацыянальныя падворкі, пройдзе канцэрт-закрыццё фестывалю з узнагароджваннем удзельнікаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі