ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 23 мая 2022
Мінск Пераменная воблачнасць +13°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
24 лістапада 2021, 09:22

Творчы фотапраект "Спорт - тое, што нас аб'ядноўвае" прадстаўлены ў Бабруйску

Фота газеты  "Бабруйскае жыццё"
Фота газеты "Бабруйскае жыццё"

24 лістапада, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. У Бабруйску прадстаўлены творчы фотапраект "Спорт - тое, што нас аб'ядноўвае". Яго аўтарам выступіў вядучы фотакарэспандэнт рэдакцыі газеты "Бабруйскае жыццё" Аляксандр Анташкевіч, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Фотапраект, прымеркаваны да Года народнага адзінства, стаў для мяне першай персанальнай выставай больш як за 20 гадоў работы ў прафесіі, - адзначыў Аляксандр Анташкевіч. - У экспазіцыі каля 70 здымкаў, зробленых за мінулыя 4 гады і аб'яднаныя спартыўнай тэматыкай. Калі падумаць, то спорт - менавіта тая стыхія, якая нас аб'ядноўвае: яна напоўнена яркімі эмоцыямі, вастрынёй напалу пачуццяў і шчырымі перажываннямі. Я не люблю пастановачныя кадры: станьце сюды, глядзіце так. Я цалкам і поўнасцю рэпартажнік: лаўлю кадр тут і цяпер".

Адным са штуршкоў да з'яўлення канцэпцыі выставы стала інтэрв'ю з Ірынай Курачкінай, сярэбраным прызёрам Алімпіяды ў Токіа. "Я браў у яе інтэрв'ю і задаў такое пытанне: ці падтрымлівае яна дружалюбныя сувязі са сваімі саперніцамі, - успамінае майстар. - На гэта спартсменка адказала, што ў яе сапраўды ёсць сяброўкі, з якімі яны на дыване непрымірымыя канкурэнты, а ў звычайным жыцці пастаянна сазвоньваюцца і размаўляюць, падтрымліваюць адна адну. На самай справе, як бы ні закончыўся хакейны або футбольны матч, любыя спаборніцтвы, згодна са спартыўным этыкетам пасля фінальнага свістка або сірэны сапернікі заўсёды знаходзяць у сабе сілы паціснуць адзін аднаму рукі. Таму спорт сапраўды нас аб'ядноўвае".

Паводле слоў Аляксандра Анташкевіча, фатограф - гэта яшчэ і добры фотапаляўнік: заўсёды прысутнічае пэўная доля рызыкі злавіць добры кадр. Аўтар праяўляе сціпласць і гаворыць, што ў спорце гэта нескладана - там эмоцыі шчырыя. І тут жа ўзгадвае гісторыю вядомага расійскага фатографа Уладзіміра Вяткіна. Знаходзячыся ў Мінску, майстар расказваў, як рабіў рэпартаж з чарговых спаборніцтваў па цяжкай атлетыцы. У гэтай серыі фатаграфій не было ні аднаго здымка спартсмена са штангай. Ён акцэнтаваў увагу менавіта на асобах цяжкаатлетаў - іх эмоцыях, напружанні. Таму бабруйскі фатограф упэўнены, што здымкі спартыўных спаборніцтваў часта не патрабуюць прысутнасці ў кадры інвентару і іншай атрыбутыкі. Часам, каб перадаць напал пачуццяў, дастаткова толькі погляду.

Успамінаючы ўдала злоўленыя падчас здымак моманты, фатограф радасна і дабрадушна смяецца, нібыта толькі што ўдалося зрабіць паспяховы кадр. "Адна з запамінальных работ, якая таксама прадстаўлена на выставе, зроблена падчас правядзення ў Бабруйску чэмпіянату свету па панкратыёне, - расказаў ён. - Там паказаны нават не момант самой схваткі, а менавіта эмоцыі аднаго з байцоў пасля заканчэння барацьбы. Сапраўды, гэты погляд, гэтыя пачуцці, які цалкам захліснулі чалавека, трэба бачыць - словы не перадаюць і сотай долі. У той жа час сярод любімых работ ёсць здымак дзяўчынкі за шашачнай дошкай. Але зноў жа, трэба бачыць яе дынамічны погляд за знешняй статыкай таго, што адбываецца".

Фотапраект "Спорт - тое, што нас аб'ядноўвае" можна ўбачыць да сярэдзіны снежня ў выставачнай зале па адрасе: вул. Сацыялістычная, 100.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі