8 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Турэцкі акцёр Мустафа Віран Джэфа Кючукбайрак плануе зняць у Беларусі фільм-драму. Аб гэтым ён расказаў у размове з карэспандэнтам БЕЛТА на палях XXVIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад".
"Збіраюся зняць новы фільм у Беларусі, таму што тут мне падабаюцца людзі і атмасфера. Гэта будзе драма паміж турэцкім хлопцам і беларускай дзяўчынай. Я веру ў перамогу свайго праекта", - сказаў Мустафа Віран Джэфа Кючукбайрак.
Паводле яго слоў, праект сам па сабе будзе не вельмі дарагім, у ім задзейнічаюць каля 10-12 чалавек, два акцёры сыграюць галоўныя ролі. "Разлічваю на поспех, каб пасля прагляду гэтага фільма ў кінатэатры людзі ўставалі і апладзіравалі", - дадаў ён.
Першапачаткова Мустафа Віран Джэфа Кючукбайрак меў намер аформіць гісторыю ў выглядзе кнігі, але пасля зразумеў, "што гэта павінна быць нешта большае".
Ён таксама прызнаўся, што яму падабаецца, якія фільмы ствараюцца на "Беларусьфільме", з якой душой ставіцца да праектаў генеральны дырэктар кінастудыі Уладзімір Карачэўскі, які і запрасіў турэцкага госця на кінафестываль у Мінск.
XXVIII Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" адкрыўся 4 лістапада ў сталічным кінатэатры "Масква" і праходзіць пад дэвізам "Сапраўдныя каштоўнасці". У дні кінафестывалю будзе паказана больш за 100 фільмаў у пазаконкурснай і конкурсных праграмах.-0-