
25 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нарада па пытаннях развіцця беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў галіне цыркавога мастацтва адбылася сёння ў Міністэрстве культуры, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ведамства.
Міністр культуры Анатоль Маркевіч адзначыў, што беларуска-расійскія адносіны ў цыркавым мастацтве павінны выходзіць на якасна новы этап. "Беларускім цыркам ёсць што прапанаваць расійскаму гледачу. Творчасць расійскіх калег карыстаецца папулярнасцю ў беларусаў", - сказаў ён.
Бакі выказалі зацікаўленасць у пашырэнні прамых сувязей паміж цыркамі Беларусі і Расіі на ўзаемавыгадных умовах. "Выйсці на новы віток супрацоўніцтва дасць магчымасць створаная па выніках нарады камісія. Гэта камісія ў бліжэйшы час распрацуе дарожную карту ўзаемадзеяння", - дадалі ў міністэрстве.
У нарадзе таксама прынялі ўдзел начальнікі ўпраўленняў міністэрства, начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Віталь Брэль, кіраўніцтва Беларускага і Гомельскага дзяржаўных цыркаў. Расійскі бок прадстаўлялі гендырэктар Расійскай дзяржаўнай цыркавой кампаніі Сяргей Белякоў, супрацоўнікі і гендырэктар Вялікага Маскоўскага дзяржаўнага цырка Эдгард Запашны.-0-