Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 мая 2019, 15:43

Традыцыі новага фестывалю народнай культуры закладваюць літаратары ў Жыткавічах

16 мая, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Пісьменнікаў-пачаткоўцаў і прызнаных майстроў слова аб'яднае І Міжрэгіянальны адкрыты фестываль літаратуры, культуры і народных традыцый "На зямлі Кірылы Тураўскага", які пройдзе 17 мая ў Жыткавічах, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч.

У гэты дзень госці фестывалю змогуць пазнаёміцца з вядомымі пісьменнікамі і паэтамі Гомельскай вобласці, атрымаць імянны аўтограф прызнаных аўтараў, у нефармальнай абстаноўцы заручыцца іх парадай, паўдзельнічаць у майстар-класе. Таксама ўсе жадаючыя змогуць прагуляцца па сцежках парку, дзе чэрпалі натхненне на стварэнне твораў мясцовыя жывапісцы слова.

Атмасфера творчасці, незабыўных сустрэч і новых перамог будзе створана ў парку імя Мікалая Гамолкі ў Жыткавічах - беларускага празаіка, ураджэнца гэтых мясцін. Удзельнікі фестывалю могуць наведаць музей яго жыцця і творчасці ў сярэдняй школе нумар 1 райцэнтра, дзе захоўваюцца асабістыя рэчы пісьменніка.

Цэнтральнай пляцоўкай фестывалю стане амфітэатр, са сцэны якога ў час узнагароджання пераможцаў конкурсу "Табе пяю, мая Радзiма" памяці Гамолкі прагучаць новыя імёны. Свае творы прадставілі больш за 90 жыхароў Петрыкаўскага і Жыткавіцкага раёнаў. Гэта дзеці і дарослыя - настаўнікі, медыкі, пенсіянеры і інш. "Многія конкурсныя творы заслугоўваюць дастойнай ацэнкі і па ўзроўні літаратурнай мовы, і раскрыцці сюжэту, і эмацыянальнай перадачы", - адзначыў старшыня.

Уладзімір Гаўрыловіч не схільны афішыраваць вынікі конкурсу загадзя. Прыемным сюрпрызам для ўладальнікаў Гран-пры стануць спецыяльныя падарункі ад абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і магчымасць выступіць на фестывальнай сцэне. Да таго ж творы пераможцаў будуць апублікаваны ў абласным альманаху "Гомельшчына літаратурная", раённых газетах.

У праграме фестывалю - шматлікія прэзентацыі мастацкай літаратуры і навукова-даследчых работ. Так, жыхары раёна змогуць азнаёміцца з кнігай "Малой радзiмы запаведы продкаў: народная духоўная культура Жыткавiцкага раёна", у якой сабраны фальклорна-этнаграфічныя і міфалагічныя матэрыялы, запісаныя ў палявых экспедыцыях. Уладзімір Гаўрыловіч прэзентуе трылогію "Палешукi", а таксама прадставіць кнігу-альбом "Тураўская рапсодыя". Да юбілею Міхася Мамонькі падрыхтаваны яго зборнік "Родны бераг". Гасцей фестывалю чакаюць выстаўкі кніг пісьменнікаў-землякоў.

У працяг творчай тэматыкі - канцэрт у памяць кампазітара Уладзіміра Будніка, які напісаў музыку на вершы такіх беларускіх паэтаў, як Максім Танк, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Карызна, Алег Лойка і інш.

У абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі рыхтуюць падарунак для цэнтральнай раённай бібліятэкі - кнігі для папаўнення фонду, у тым ліку з асабістай калекцыі сям'і Гаўрыловічаў.

Ініцыятары фестывалю шчыра спадзяюцца, што іх пачынанне стане традыцыяй. Бо своеасаблівай візітнай карткай Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці стаў рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва "Берагіня", Калінкавіцкага - фестываль народнага гумару "Аўцюкі", Петрыкаўскі славіцца міжнародным фестывалем этнакультурных традыцый "Кліч Палесся". "Жыткавіцкі раён, які даў літаратурнаму свету Беларусі шмат знакавых імёнаў, таксама можа заняць дастойнае месца ў гэтым шэрагу як радзіма не толькі таленавітых паэтаў, празаікаў, мастакоў і музыкантаў, але і славянскага літаратурнага форуму", - падкрэсліў Уладзімір Гаўрыловіч. Не выключана, з часам фестываль будзе расшыраць межы, стане шматжанравым, з двух-трохдзённай праграмай, якая ўключыць таксама тэатральныя паказы, тэматычныя семінары. У перспектыве можа стаць і адной з захапляючых кропак турыстычных маршрутаў для замежных гасцей і беларусаў.

Ідэя стварэння такога фестывалю на сваёй малой радзіме, якая перарасла ў мару, узнікла ва Уладзіміра Гаўрыловіча амаль 20 гадоў таму. Па-добраму зайздросціў, калі глядзеў, як развіваецца міжрэгіянальнае свята славянскага пісьменства і культуры "На зямлі Баяна" ў Трубчэўску Бранскай вобласці. А зараджаўся фестываль з ужо 35-гадовай гісторыяй у расійскай глыбінцы з сустрэчы трох паэтаў.

Ініцыятыву беларускага пісьменніка арганізаваць такі фестываль у Жыткавічах падтрымалі ў райвыканкаме. Арганізатары ўкладваюць душу, каб форум "На зямлі Кірылы Тураўскага" стаў яшчэ адным знакавым брэндам Палесся - літаратурным. Сярод мэт форуму - падтрымка творчых пачынанняў палескіх аўтараў, прапаганда твораў пісьменнікаў-землякоў, развіццё нацыянальнай літаратуры, культуры і мастацтва.

Арганізатарамі фестывалю "На зямлі Кірылы Тураўскага" выступаюць Гомельскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі і Жыткавіцкі райвыканкам. Пачатак фестывалю 17 мая ў 12.00.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі