Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
27 верасня 2021, 10:16

ТЮГ і Брэсцкі тэатр драмы правядуць абменныя гастролі

27 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы і Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача правядуць з 14 па 16 кастрычніка абменныя гастролі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў БАТД.

Сталічны тэатр прывёз у Брэст камедыю Мальера "Не па сваёй ахвоце лекар" і музычную фантазію паводле вершаў Карнея Чукоўскага "Муха-Цакатуха". Запланавана па два паказы дзіцячай казкі і спектакля для дарослых на сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы.

У сваю чаргу БАТД пакажа сталічнаму гледачу казку "Сіўка-Бурка" і "палескае насланне" - сцэнічную версію аповесці Аляксандра Купрына "Алеся". Прэм'ера гэтага спектакля адбылася ў лістападзе мінулага года і паспела палюбіцца брастаўчанам. У маштабнай маляўнічай пастаноўцы, дзе шмат народных песень, танцаў, абрадаў, заняты практычна ўвесь акцёрскі склад тэатра. Арыгінальную інсцэніроўку класічнага твора напісаў галоўны рэжысёр БАТД Цімафей Ільеўскі. Над дэкарацыямі і касцюмамі працаваў мастак Мікалай Палтарака. Пластычныя сцэны паставіла артыстка Вольга Жук.

Дарэчы, 26 верасня спектаклем "Алеся" Брэсцкі тэатр драмы адкрыў 78-ы тэатральны сезон. Па існуючай ужо традыцыі да новага сезона трупа падрыхтавала прэм'еру, якая адбудзецца 10 кастрычніка. Рэпертуар тэатра папоўніць камедыя "Адчайныя цёткі" паводле п'есы сучаснага расійскага драматурга Аляксандра Кароўкіна. Рэжысёр Валянціна Янавец паставіла спектакль у лепшых традыцыях камедыі становішчаў. У ім ёсць усё, што ўласціва гэтаму іскрамётнаму жанру: забаўныя прыгоды, інтрыга, пераапрананні, чарада непаразуменняў, блытаніна. Дзіўныя, смешныя і недарэчныя сітуацыі ідуць адна за другой, прымушаючы герояў прыдумваць усё новыя і новыя спосабы выкручвацца са складаных калізій.

Спектакль "Адчайныя цёткі" мае ўзроставае абмежаванне 16+. У пастаноўцы заняты артысты Міхаіл Ільіч, Іван Гізмант, Таццяна Валчэцкая, Ірына Давыдзенка, Кацярына Яцкавец, Аляксей Шчарбакоў, Павел Асташэня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі