Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
03 лютага 2022, 18:55

Тэнар Міхаіл Губскі выканае галоўную партыю ў оперы "Мадам Батэрфляй" на сцэне Вялікага тэатра

3 лютага, Мінск /Дзіяна Парневіч - БЕЛТА/. Запрошаны саліст Маскоўскага тэатра "Новая опера" імя Я.У. Колабава заслужаны артыст Расіі Міхаіл Губскі выступіць на сцэне Вялікага тэатра Беларусі 4 лютага. Упершыню на беларускай сцэне ён выканае галоўную партыю Пінкертона ў меладраме Джакама Пучыні "Мадам Батэрфляй", паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

"Гэта сапраўдны падарунак для ўсіх аматараў оперы. Спявак ужо выходзіў на мінскую сцэну ў вобразах Германа, Калафа і Радамеса. У ролі Пінкертона беларускі глядач яшчэ не бачыў артыста. Таму чакаем яго з асаблівым нецярпеннем", - расказалі ў тэатры.

Міхаіл Губскі прымаў удзел у многіх міжнародных праектах у ЗША, Канадзе, Францыі, Германіі, Аўстрыі, Італіі, Швейцарыі, Японіі, Фінляндыі, Расіі, працаваў з сусветна вядомымі дырыжорамі. У яго рэпертуары больш за 60 партый, у тым ліку ў операх Джузэпэ Вердзі (Альфрэд, "Травіята"), Пятра Чайкоўскага (Ленскі, "Яўген Анегін"), Мікалая Рымскага-Корсакава (Моцарт, "Моцарт і Сальеры"), Сяргея Рахманінава (Паола, "Франчэска да Рыміні"), Джакама Пучыні (Рудольф, "Багема") і Станіслава Манюшкі (Пан Дамазы, "Страшны двор").

Галоўныя партыі ў оперы гэтым вечарам таксама выканаюць Таццяна Пятрова (Чыа-Чыа-сан), Крыскенція Стасенка (Сузукі), Станіслаў Трыфанаў (Шарплес), Юрый Балоцька (Гора), Андрэй Кліпо (Прынц Ямадоры) і Васіль Кавальчук (Бонза). За дырыжорскім пультам Алег Лясун.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі