Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
20 лютага 2020, 14:37

Тэма 90-годдзя з дня нараджэння Караткевіча знойдзе адлюстраванне ў праграме Дня беларускага пісьменства

20 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэма 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча знойдзе адлюстраванне ў мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах, паведаміў 19 лютага журналістам міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч па выніках пасяджэння аргкамітэта па падрыхтоўцы праграмы свята, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Да Дня беларускага пісьменства будзе выдадзена шмат твораў беларускіх пісьменнікаў. Увагу ўдзеляць творчасці Уладзіміра Караткевіча, 90-годдзе з дня нараджэння якога мы будзем адзначаць гэтай восенню. Будзе нават маладзёжны квест, прысвечаны яго творчасці, крыху пазней мы раскажам пра гэта ў сацыяльных сетках", - адзначыў Аляксандр Карлюкевіч.

Увагу ў праграме Дня беларускага пісьменства ўдзеляць і знакаваму артэфакту для рэгіёна - Бялыніцкай іконе Божай Маці.

"Мы хацелі б у значнай ступені сацыялізаваць гэта свята, паказаць шматаблічнасць людзей, якія жывуць у рэгіёне, расказаць не толькі пра пісьменства, але і ў цэлым пра культуру, асветніцтва. Хацеў бы адзначыць вельмі шмат цікавых урачыстасцей, святочных дзействаў, цікавую канцэртную праграму прапануе Міністэрства культуры", - расказаў Аляксандр Карлюкевіч.

"Сутнасць Дня беларускага пісьменства будзе захавана, але будзе прыўнесена шмат новага", - рэзюмаваў міністр.

На пасяджэнні аргкамітэта віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка абазначыў задачы для Міністэрства інфармацыі, Магілёўскага аблвыканкама і Бялыніцкага райвыканкама.

Дзень беларускага пісьменства адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня. Цэнтрам свята станавіліся розныя гарады: Полацк (тройчы), Тураў (двойчы), Заслаўе (двойчы), Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Шчучын, Рагачоў, Іванава, Слонім.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі