Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 лістапада 2020, 11:40

Тэкстыльныя творы расійскіх мастакоў прадстаўлены на выстаўцы ў Мінску

18 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Выстаўка Усерасійскага музея дэкаратыўнага мастацтва "Эпоха, людзі, жыццё. Прастора мастацтва ХХ стагоддзя" адкрылася 17 лістапада ў філіяле Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі - Музеі гісторыі беларускага кіно, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Выстаўка "Эпоха, людзі, жыццё. Прастора мастацтва ХХ стагоддзя" - гэта частка шматгадовай комплекснай праграмы "Спадчына Садружнасці. Традыцыі для будучыні", якая рэалізуецца Усерасійскім музеем дэкаратыўнага мастацтва на прасторы СНД з 2015 года. Аднак у Мінску прадстаўлена толькі частка экспанатаў. "Мы задумвалі выстаўку, якая была б прысвечана ўсяму ХХ стагоддзю ў дэкаратыўным мастацтве. На жаль, пандэмія ўнесла свае карэктывы. І мы зрабілі такую прэлюдыю, магчыма, да больш значнага праекта наступнага года", - сказала галоўны саветнік Усерасійскага музея дэкаратыўнага мастацтва Галіна Андрэева.

"На выстаўку мы прывезлі тэкстыльныя творы вядучых расійскіх мастакоў ХХ - ХХІ стагоддзяў. У асноўным гэта творы 1980-х гадоў, калі мы яшчэ былі аб'яднаны агульнай прасторай і агульнай дзяржавай. Творы прадстаўляюць розных мастакоў Расіі, якія атрымлівалі высокія прэміі на міжнародных і ўсерасійскіх выстаўках. Тут вы ўбачыце тканіны, напрыклад, якія ствараліся на знакамітай фабрыцы "Чырвоная Ружа", заснаванай у канцы XIX стагоддзя французамі ў Маскве. На жаль, гэта прадпрыемства спыніла сваё існаванне ў канцы ХХ стагоддзя, але вядучыя мастакі фабрыкі на выстаўцы прадстаўлены выдатнымі эскізамі", - адзначыла Галіна Андрэева.

Экспазіцыя знаёміць з гатовымі работамі і контурнымі эскізамі хустак на кальцы Растана Тавасіева, узорамі тканін, вырабленымі па эскізах Ларысы Рубцовай і Таццяны Ціхаміравай. Для наведвальнікаў падрыхтавалі калекцыі ўбораў Вольгі Смірновай, размаляваных у тэхніцы халоднага і гарачага батыку. Уражваюць сукенкі і аксесуары Людмілы Вядзенскай, зробленыя з абрэзкаў розных тканін.

У сваім відэапаведамленні намеснік міністра культуры Расіі Ала Манілава акцэнтавала ўвагу на тым, што супрацоўніцтва з Беларуссю для іх з'яўляецца прыярытэтным. "Пандэмія змяніла планы ўсёй культурнай супольнасці, амаль усе мерапрыемствы перанесены ў анлайн-фармат, але нягледзячы на ўсе выпрабаванні, расійска-беларускае культурнае супрацоўніцтва застаецца бесперапынным і абсалютна прыярытэтным для нас. У гэтым годзе праграма "Спадчына Садружнасці. Традыцыі для будучыні" адзначае сваё пяцігоддзе. Яе ядром з'яўляецца выставачная дзейнасць, якая прадстаўляе спадчыну і сучасны напрамак мастацтва краін Садружнасці", - рэзюмавала яна.

Дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Павел Сапоцька запэўніў, што ў наступным годзе выстаўка будзе арганізавана ў пашыраным фармаце. "Беларуска-расійскае ўзаемадзеянне ў сферы культуры заўсёды напоўнена рознымі праектамі. Усе праграмы па лініі Саюзнай дзяржавы прадаўжаюць рэалізоўвацца. Я хачу запэўніць, што ў наступным годзе ў нас будзе вялікая выстаўка, з выданнем каталога з міжнародна-практычнай канферэнцыі, таму што вельмі важны дыялог і абмен думкамі", - сказаў дырэктар музея.

Арганізатарамі выстаўкі выступаюць Міністэрства культуры Расіі, Міністэрства культуры Беларусі, Нацыянальны гістарычны музей Беларусі, Усерасійскі музей дэкаратыўнага мастацтва пры падтрымцы Фонду развіцця Усерасійскага музея дэкаратыўна-прыкладнога і народнага мастацтва і падтрымкі творчых ініцыятыў. Наведаць яе можна па 10 снежня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі