Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 чэрвеня 2021, 16:56

"ТэкСтыльны букет" аб'яднае ўнікальныя народныя тэхнікі і нетрадыцыйныя арт-аб'екты ў НЦСМ

14 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. ІІІ Міжнародны фестываль дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "ТэкСтыльны букет" пройдзе з 16 па 20 чэрвеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове.

Майстры з Беларусі, Латвіі, Расіі і Украіны прадставяць работы, створаныя ў самых розных тэхніках мастацкага тэкстылю: ткацтва, размаляваныя дываны, пэчварк, лямцаваленне, батык, набіванка. "Ідэя фестывалю заключаецца ў прэзентацыі на адной выставачнай пляцоўцы творчых дасягненняў як прафесійных мастакоў, якія займаюцца тэкстыльным мастацтвам, так і аматараў, якія імкнуцца захаваць традыцыйныя спосабы работы з тэкстылем", - адзначылі арганізатары.

"Дэвіз фестывалю 2021 года - "Сусвет", бо ў кожнага чалавека Сусвет свой, які ахоплівае ўсю знешнюю і ўнутраную прастору асобы", - упэўнены ў НЦСМ.

Наведвальнікі змогуць убачыць на фестывалі работы вядомых беларускіх мастачак Святланы Баранкоўскай, Таццяны Макляцовай, Вольгі Рэднікінай, Наталлі Лісоўскай, Людмілы Петруль з фондаў Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў. "Яны акунаюць у сусвет канцэптуальных ідэй і творчай разнастайнасці", - падкрэслілі арганізатары.

На форуме таксама будзе прадстаўлены праект "Расіі жаночая душа" расійскай творчай групы. Майстрыхі з розных гарадоў Расіі і Латвіі стварылі ў тэхніцы лапікавага жывапісу вобразы рускіх жанчын паводле матываў цыкла работ мастака Андрэя Сімакова "Рускі каляндар".

Традыцыйна свой праект прэзентуе мінскі квілт-клуб лапікавага шыцця "Валошкі". "Натхненнем для праекта "Не загаснуць зоркi ў небе" сталі касмічныя прасторы, цудоўныя і невядомыя. З дапамогай спалучэння бліскучых, металізаваных і матавых тканін, колераў і форм, ліній і выгінаў, арыгінальных прыёмаў ручнога, машыннага шыцця і валення майстры імкнуліся візуалізаваць вобразы загадкавага космасу", - дадалі ў НЦСМ.

"Унікальную традыцыйную тэхналогію ажурнага ткацтва "кісяя" Гарадоцкага раёна адраджае Марына Гушчо. У 2013 годзе гэта тэхніка была ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Асобная зала фестывалю адведзена для прэзентацыі ўнікальнага віду народнай творчасці беларусаў - размаляваных дываноў (маляванак). Крыніцамі сюжэтаў і вобразаў для маляванак сталі беларускія легенды і міфалогія", - прадоўжылі арганізатары.

На фестывалі гледачы таксама азнаёмяцца з куратарскім праектам Хрысціны Высоцкай. "Гэта адна з самых вядомых прадстаўніц маладога пакалення мастакоў, якія працуюць у напрамку мастацкага тэкстылю. Праект "Космас" уключае творы студэнтаў і выпускнікоў кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Работы маладых мастакоў - гэта арт-аб'екты і інсталяцыі, створаныя з выкарыстаннем нетрадыцыйных для мастацкага тэкстылю матэрыялаў і форм. Свае работы ўпершыню прадставяць майстрыхі Урала Вольга Арэшка, Галіна Храмцова, Лізавета Манерава і Яўгенія Смалякова", - расказалі ў НЦСМ.

Арганізуюць фестываль НЦСМ, мінскі квілт-клуб лапікавага шыцця "Валошкі", тураператар "Культурныя прыгоды". У час форуму пройдуць лекцыі, майстар-класы, творчыя сустрэчы з аўтарамі, прэзентацыі. З падрабязнай праграмай можна азнаёміцца ​​на сайце НЦСМ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі