ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 24 кастрычніка 2021
Мінск Ясна +5°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
30 жніўня 2021, 14:12

Тэатральныя сустрэчы "Лялькін куФЭр" упершыню пройдуць у Магілёве

Фота Магілёўскага абласнога тэатра лялек
Фота Магілёўскага абласнога тэатра лялек

30 жніўня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Тэатральныя сустрэчы "Лялькін куФЭр" упершыню пройдуць у Магілёве. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Магілёўскім абласным тэатры лялек.

"Тэатральныя сустрэчы пройдуць з 6 па 12 верасня і збяруць на адной пляцоўцы лялечнікаў з Магілёва, Мінска, Гомеля, Маладзечна і Брэста, - адзначылі ва ўстанове культуры. - Праект рэалізуецца ўпершыню і прымеркаваны да юбілейнай даты - адкрыцця 45-га тэатральнага сезона. Мы хочам, каб сустрэчы сталі сапраўдным святам тэатральнага мастацтва, паколькі ў іх правядзенні прымаюць удзел прафесіяналы, якія жывуць сцэнай".

У праграму тэатральных сустрэч увайшлі сем спектакляў. Гэта разнажанравая падборка, разлічаная як на дзіцячую, так і на дарослую аўдыторыю. Паказы пройдуць на сцэне абласнога тэатра лялек, за выключэннем пастаноўкі "Пансіён Belvedere". Яе арганізатары перанясуць у Магілёўскі абласны драматычны тэатр.

"Адкрыццё мерапрыемства пачнецца ў 17.30 на пляцоўцы перад лялечным тэатрам. Гасцей будуць сустракаць жывыя статуі і музыканты вядомага магілёўскага калектыву Jazz City Band, - расказалі ва ўстанове культуры. - У холе разгорнецца інтэрактыўная выстаўка, прысвечаная тэатральным сустрэчам "Лялькін куФЭр". Тут будуць устаноўлены невялікія "куфэркі" з казачнымі персанажамі ўнутры - лялечнымі героямі спектакляў мінулых гадоў".

Праграму тэатральных сустрэч адкрые спектакль магілёўскага тэатра "Самы маленькі самалёт на свеце", які палюбіўся маленькім гледачам. Арганізатары сустрэч спадзяюцца, што такі фармат спадабаецца і гледачам, і ўдзельнікам. У планах праводзіць сустрэчы штогод і з часам вырасці да ўзроўню рэспубліканскага фестывалю лялечных тэатраў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі