ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 3 снежня 2021
Мінск Суцэльная воблачнасць -2°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
15 верасня 2021, 11:03

Тэатральны крытык: у Беларусі з'явіўся рэжысёр з магутнай творчай свабодай

15 верасня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі з'явіўся рэжысёр з магутнай творчай свабодай. Такое меркаванне выказала карэспандэнту БЕЛТА член экспертнага савета XXV Міжнароднага тэатральнага фестывалю "Белая вежа", загадчыца літаратурнай часткі Маскоўскага тэатра юнага гледача, педагог Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва Уладзіслава Купрына.

"Два спектаклі Яўгена Карнягі паглядзела. Я раней не бачыла яго работ. Вельмі цікавы, адораны чалавек, са смелай фантазіяй. У Беларусі відавочна з'явіўся рэжысёр з магутнай творчай свабодай. Ён не баіцца шакіраваць гледачоў. Яшчэ малады, але вельмі перспектыўны рэжысёр, і гэта новае імя, я думаю, будзе гучаць", - сказала тэатразнавец з Масквы.

У конкурсную праграму юбілейнай "Белай вежы" ўвайшло адразу дзве пастаноўкі Яўгена Карнягі - "Шлюб з ветрам" у пастаноўцы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі і "Запіскі маладога ўрача" Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Прычым спектакль па матывах апавяданняў Міхаіла Булгакава ў фестывальнай афішы заяўлены двойчы. Першы паказ прайшоў з аншлагам напярэдадні на сцэне Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы.

"Атрымаў масу станоўчых эмоцый, шмат здзіўлення і захаплення, - падзяліўся ўражаннем мастацкі кіраўнік маладзёжнага народнага тэатра "Легіён" з Мазыра Аляксандр Мазькоў. - Мы не першы раз на "Белай вежы", спецыяльна ездзім, глядзім, вучымся. Гэта пастаноўка пакінула самыя моцныя ўражанні. Матэрыял булгакаўскі - усё ж не драматургія, а літаратура, і вось рэжысёр знайшоў рашэнне, каб ператварыць яе ў такі спектакль. Гэта неверагодны талент і велізарная, карпатлівая работа, таму апладысменты і крыкі "брава" - мінімум, што можна зрабіць у падзяку".

Яркую, візуальна эфектную работу маладога рэжысёра можна будзе ўбачыць у вялікай зале БАТД і сёння - "Запіскі маладога ўрача" адкрываюць шосты дзень фестывальнага марафону. У вячэрняй праграме таксама horror у двух дзеяннях па матывах аповесці М.В. Гогаля "Вій" ад Палескага драматычнага тэатра і камедыя "Нобелеўскі тыдзень" у пастаноўцы Новага драматычнага тэатра з Мінска.

XXV Міжнародны тэатральны фестываль "Белая вежа" праходзіць у Брэсце з 9 па 18 верасня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі