Сцяг Аўторак, 19 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
14 лютага 2022, 16:12

Тэатральны форум "М.@rt.кантакт" вернецца да першапачатковага фармату

14 лютага, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны маладзёжны тэатральны форум "М.@rt.кантакт" пройдзе ў Магілёве 15-ы раз і вернецца да першапачатковага фармату. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказалі ў абласным драматычным тэатры.

"У мінулым годзе "М.@rt.кантакт" праходзіў як тыдзень беларускіх тэатраў: мы паказалі тыя спектаклі, якія ўжо раней удзельнічалі ў форуме, - расказала галоўны рэжысёр установы культуры Таццяна Пацай. - У бягучым годзе вяртаемся да першапачатковага фармату фестывалю. Усе спектаклі, якія будуць паказаны, азнаёмяць гледачоў з лепшымі пастаноўкамі беларускай сцэны. У нас удзельнічаюць лаўрэаты і прызёры нацыянальнай прэміі, а таксама прэм'ерныя спектаклі, якія займалі месцы на фестывалях і ўжо атрымалі прызнанне крытыкаў і гледачоў. Асобны сюрпрыз арганізатары рыхтуюць на адкрыццё і закрыццё фестывалю, якія будуць праходзіць з удзелам магілёўскіх артыстаў, студэнтаў і валанцёраў. Разлічваем, што гэта будзе вельмі цікавае і відовішчнае мерапрыемства".

Юбілейны "М.@rt.кантакт" традыцыйна пройдзе з 21 па 27 сакавіка. У яго асноўную праграму ўвойдуць 14 спектакляў. Удзел у тэатральным форуме прымуць 11 творчых калектываў з Беларусі, Арменіі, Малдовы і Расіі.

Форум адкрыецца паказам спектакля "Фальшывая нота" мінскага Тэатра-студыі кінаакцёра. Гэта псіхалагічная драма з элементамі дэтэктыва, якая нясе ў сабе невырашальныя пытанні маралі, асабістага выбару і адказнасці чалавека за свае ўчынкі. У 2021 годзе спектакль стаў лаўрэатам VI Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія Беларусі" ў намінацыі "Лепшы спектакль драмы".

Мінскі маладзёжны тэатр эстрады пакажа мюзікл-дэтэктыў "Джэк-патрашыцель". Гледачу давядзецца акунуцца ў сапраўднае расследаванне з лагічным ланцужком падзей і вострым сюжэтам, у працэсе якога раскрыецца асоба Джэка-патрашыцеля. У 2021 годзе мюзікл-дэтэктыў таксама стаў лаўрэатам Нацыянальнай тэатральнай прэміі ў намінацыі "Аперэта, музычная камедыя, мюзікл".

Гледачы фестывалю ўбачаць яшчэ аднаго лаўрэата Нацыянальнай тэатральнай прэміі, які атрымаў узнагароду за лепшы спектакль драмы малой формы. Гэта хорар у двух дзеяннях паводле матываў аповесці Мікалая Гогаля "Вій" Палескага драмтэатра (Пінск). У пастаноўцы цесна перапляліся бліскучы гумар, паралізуючы жах і філасофскія разважанні аб трагічнай неўладкаванасці быцця і месцы ў ім маленькага чалавека, які змагаецца з непераадольнымі абставінамі, што вядуць яго да гібелі.

У ліку ўдзельнікаў фестывалю ёсць і магілёўскія тэатры. Так, абласны тэатр лялек пакажа казку для дарослых сэрцаў "Маленькі прынц", абласны драмтэатр - трагікамічную гісторыю пра няпростыя ўзаемаадносіны мужчыны і жанчыны "Аддай маё сэрца" і спектакль "Тарцюф", які пройдзе на бабруйскай сцэне ў абласным тэатры драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча.

Каляда-тэатр з Екацярынбурга, які любіць фестывальная публіка, прадставіць доўгачаканы спектакль "Раскольнікаў", у якім героі Дастаеўскага набліжаны да сучаснасці. Галоўнае пытанне, якое прагучыць са сцэны: на што гатовы пайсці цяперашнія маладыя людзі, каб засвяціцца, праславіцца, бліснуць у навінах па тэлевізары або ў інтэрнэце?

"Закрыецца тэатральны форум "М.@rt.кантакт" паказам спектакля "Князёўна Мэры" мінскага тэатральнага праекта "ТрыТфармаТ". Гэта гісторыя пра моцнае каханне, сяброўства, здраду і смерць. У спектаклі прагучыць музыка вядомых выканаўцаў у жывым выкананні заслужанага калектыву краіны Прэзідэнцкага аркестра Беларусі.

Паводле слоў Таццяны Пацай, у спецыяльную праграму форуму ўвойдуць творчыя сустрэчы і майстар-класы, паказы спектакляў-удзельнікаў маладзёжнай творчай лабараторыі. Напрыклад, навучэнцы Магілёўскага каледжа мастацтваў пакажуць гледачам музычна-пластычны спектакль паводле паэмы Алеся Казекі "Марыйка", а таксама прадэманструюць эцюдныя замалёўкі да п'есы Алехандра Касона "Дзікун". Студэнты рэжысёрскага аддзялення Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў прадставяць пластычны перфоманс "Васіль Кандзінскі / Без косак", заснаваны на творчай спадчыне рускага мастака і тэарэтыка мастацтва Васіля Кандзінскага.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі