Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
01 жніўня 2022, 18:26

Тэатральную замалёўку сустрэчы Купалы і Коласа пакажуць у мемарыяльнай сядзібе ў Смольні 6 жніўня

1 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Тэатральную замалёўку сустрэчы Янкі Купалы і Якуба Коласа пакажуць на літаратурна-мемарыяльным свяце "Туды, дзе неба з долам абняліся, як браты..." у мемарыяльнай сядзібе "Смольня" 6 жніўня, паведамілі БЕЛТА ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа.

"Свята прымеркавана да 110-годдзя першай сустрэчы народных паэтаў Беларусі Якуба Коласа і Янкі Купалы ў Смольні. Адметная асаблівасць свята - тэатральная замалёўка "Сустрэча Янкі і Якуба" ў выкананні вядомых беларускіх акцёраў", - расказалі ў музеі.

Музеі народных паэтаў пры падтрымцы аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама таксама рыхтуюць святочную праграму з удзелам паэтаў і пісьменнікаў, землякоў Якуба Коласа, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі і музычных калектываў. "У Год гістарычнай памяці такія юбілейныя мерапрыемствы - яшчэ адна прычына прыгадаць вядомыя з дзяцінства імёны, якія праз глыбокае вобразнае спасціжэнне нацыянальнага быцця данеслі каларыт беларускай ментальнасці да жыхароў многіх краін свету", - адзначылі ва ўстанове культуры.

Смольня займае значнае месца ў біяграфіі і творчасці Якуба Коласа. "Калі будаваўся дом, Канстанцін Міцкевіч сядзеў у мінскім астрозе, і толькі 19 верасня 1911 года прыехаў сюды ўпершыню. Сядзіба здалася паэту апусцелай. І каб крыху яе ўпрыгожыць, Якуб Колас пасадзіў дрэвы - ліпы, якія растуць і сёння. Пад гэтымі дрэвамі і сядзелі будучыя народныя паэты ў час першай сустрэчы", - расказалі ў музеі.

Апошні раз Якуб Колас наведаў Смольню 30 красавіка 1956 года. "А ў 1967 годзе тут быў адкрыты філіял музея. Літаратурна-музычнае свята ў Смольні стане цудоўным днём для сямейнага адпачынку на малой радзіме класіка беларускай літаратуры. Хто хоць аднойчы пройдзе па сцяжынах песняра, той абавязкова адчуе нябачную прысутнасць паэта і яго неадольна будзе цягнуць зноў і зноў у родны кут Якуба Коласа", - дадалі ў музеі.

Пачатак літаратурна-мемарыяльнага свята "Туды, дзе неба з долам абняліся, як браты..." у 12.00.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі