
17 сакавіка, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Адкрыты конкурс дзіцячай творчасці "Тэатр лялек вачамі дзіцяці" аб'яўлены ў Магілёве. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Магілёўскім абласным тэатры лялек.
"Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца толькі арыгінальныя аўтарскія работы на тэму дзіцячых казак і тэатра, - адзначылі ва ўстанове культуры. - Гэта могуць быць малюнкі, вырабы, лялькі, а таксама цацкі з выявай герояў казак або сцэн са спектакляў. Наша мэта - прывіць дзецям цікавасць да тэатральнага мастацтва, пашырыць іх веды аб тэатральных ляльках і атрыбутах".
Конкурс праводзіцца па чатырох узроставых групах, удзел у ім могуць прыняць дзеці ва ўзросце ад 3 да 16 гадоў. Пераможцаў вызначаць па дзвюх намінацыях: выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Прыём конкурсных заявак адкрыты да 29 красавіка.
Лепшыя работы ўвойдуць у афармленне выставы, прысвечанай 45-годдзю Магілёўскага абласнога тэатра лялек, іх аўтары будуць адзначаны дыпломамі і памятнымі падарункамі.-0-