Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
17 лістапада 2021, 11:53

Сын Змітрака Бядулі перадаў невядомыя фатаграфіі сям'і Нацыянальнай бібліятэцы

17 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная бібліятэка Беларусі атрымала невядомыя фатаграфіі сям'і Змітрака Бядулі ад яго сына Яўхіма Плаўніка. На гэтых здымках - малодшыя браты пісьменніка Мацвей і Ізраіль Плаўнікі. Аб гэтым БЕЛТА паведаміў намеснік генеральнага дырэктара НББ Алесь Суша.

"Святкаванне 135-годдзя з дня нараджэння Змітрака Бядулі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбываецца на працягу ўсяго года і ўключае шэраг важных і яркіх падзей. Сярод іх можна назваць конкурс "Беларускі салавей", прэзентацыю новага раздзела віртуальнага праекта "На хвалі часу, у плыні жыцця", а таксама круглы стол і навукова-практычны семінар "Шляхамі маладнякоўцаў". Адным з асабліва каштоўных вынікаў гэтай работы стала блізкае знаёмства з сынам Змітрака Бядулі - Яўхімам Плаўнікам. Ён прымаў непасрэдны ўдзел у асноўных мерапрыемствах, дзяліўся ўспамінамі пра бацьку, зрабіў некалькі каштоўных падарункаў", - расказаў Алесь Суша.

Апошнім і самым нечаканым падарункам для бібліятэкі стала перадача Яўхімам Самуілавічам у яе фонды раней невядомых фатаграфій малодшых братоў Змітрака Бядулі - Мацвея і Ізраіля Плаўнікаў. "На фота ў юным узросце паказаны Ізраіль Плаўнік (1905-1941). На фатаграфіі другой паловы 1920-х гадоў ён паўстае ў вобразе інтэлектуала і творцы, якім і быў на самай справе. Паводле ўспамінаў Яўхіма Плаўніка, Ізраіль быў самым таленавітым з усіх дзяцей у сям'і, здольным да вучобы, працы і творчасці, вылучаўся рэлігійнасцю і пры гэтым паспяхова займаўся навукай, быў шахматыстам і выдатным танцорам, скрыпачом і матэматыкам. Яго лёс трагічна абарваўся ў першыя дні акупацыі Мінска фашыстамі", - сказаў намеснік дырэктара.

Яшчэ адзін брат Мацвей Плаўнік (1903-1992) пражыў доўгае жыццё. Фота з ім зроблена падчас Вялікай Айчыннай вайны - у шпіталі перад тым, як яго зноў адправілі на фронт пасля лячэння цяжкай траўмы. На фота ён лейтэнант. Закончыў вайну ўжо капітанам, камандзірам сапёрнага батальёна. Меў шмат узнагарод. Ён таксама меў творчыя здольнасці і пры гэтым вызначаўся фізічнай сілай, гарачым характарам.

"Вядома, гэтыя фатаграфіі могуць расказаць шмат новага і цікавага аб сям'і вядомага пісьменніка, яго асяроддзі, выхаванні, дазволяць зразумець, на якіх каштоўнасцях выхоўваўся сам Змітрок Бядуля. Дакументы папоўняць архіўныя сходы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і хуткім часе будуць даступны чытачам і наведвальнікам", - дадаў Алесь Суша.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі