Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
22 лістапада 2016, 09:03

Святлоў: Нацыянальная тэатральная прэмія - адзін з найбольш адказных праектаў у Год культуры

22 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Нацыянальная тэатральная прэмія - адзін з найбольш адказных праектаў у Год культуры. Аб гэтым заявіў міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў на цырымоніі адкрыцця заключнага этапу IV Рэспубліканскага конкурсу тэатральнага мастацтва "Нацыянальная тэатральная прэмія", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Перад намі 21 праект у 19 намінацыях, якія пакажуць, што сёння ўяўляе сабой наша тэатральнае мастацтва. На мой погляд, у Год культуры гэта найбольш адказны праект, ён павінен расставіць усе акцэнты і кропкі над "і", паказаць, як ставімся сёння да тэатра, каму аддаём перавагу, якія гэта тэмы і жанры, стылі і інш", - сказаў Барыс Святлоў.

У размове з журналістамі міністр адзначыў, што тэатральная прэмія адлюстроўвае вельмі высокі прафесійны ўзровень канкурсантаў.

Заключны этап конкурсу тэатральнага мастацтва будзе праходзіць па 26 лістапада ў Мінску. На працягу тыдня на розных тэатральных пляцоўках адбудуцца паказы спектакляў-намінантаў у катэгорыях "Лепшы спектакль для дзяцей і юнацтва", "Лепшы спектакль музычнага тэатра", "Лепшы спектакль тэатра лялек", "Лепшы спектакль балета", "Лепшы оперны спектакль", "Лепшы спектакль тэатра драмы", "Лепшая пастаноўка па творы беларускага аўтара". Таксама будуць адзначаны выдатныя асобы ў катэгорыях "Мецэнат года" і "За ўклад у развіццё мастацтва".

Пачаўся конкурсны тыдзень праглядам спектакля "Чайка" (Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы).

Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца 27 лістапада. Пераможцам будуць уручаны статуэткі і грашовыя прэміі.

Арганізатарамі конкурсу з'яўляюцца Міністэрства культуры і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. Конкурс праводзіцца раз у два гады, удзельнічаць у ім могуць прафесійныя калектывы мастацкай творчасці. Нацыянальная тэатральная прэмія ўручаецца з 2011 года.

Арганізацыяй, што адказвае за падрыхтоўку і правядзенне конкурсу ў 2016 годзе, вызначаны Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, на базе якога створана дырэкцыя конкурсу.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі