
15 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр культуры Беларусі Барыс Святлоў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА пракаменціраваў выступленне беларускай групы NaviBand на міжнародным песенным конкурсе "Еўрабачанне-2017", які прайшоў у Кіеве, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Я вельмі рады, што мы выступілі, што прагучала наша беларуская песня, беларуская мова, і, на мой погляд, наш дуэт быў самым сімпатычным", - падзяліўся сваім меркаваннем міністр культуры.
Ён лічыць, што вынікі "Еўрабачання" прадказаць вельмі складана, таксама як і спрагназаваць тыя крытэрыі, якімі галоўным чынам будуць кіравацца пры ацэнцы канкурсантаў члены журы і гледачы. "Галоўнае - што мы паказалі сябе, паказалі Беларусь", - сказаў Барыс Святлоў.
Як паведамлялася, на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2017" атрымала перамогу Партугалія - прадстаўнік гэтай краіны Сальвадор Сабрал з песняй Amar Pelos Dois. Па выніках галасавання ён набраў 758 балаў. Другое месца з 615 баламі заняў Крысціян Костаў з Балгарыі. Група з Малдовы SunStroke Project размясцілася на трэцім месцы (374 балы). Беларуская група NaviBand заняла ў фінале 17-е месца.-0-