Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 ліпеня 2019, 11:18

Свята "Бразгун" пройдзе 13 ліпеня ў Чэрыкаўскім раёне

9 ліпеня, Магілёў /Сяргей Кулягін - БЕЛТА/. У Чэрыкаўскім раёне ля крыніцы каля вёскі Наркі 13 ліпеня пройдзе свята "Бразгун", паведамілі БЕЛТА ў Чэрыкаўскім райвыканкаме.

Абрад "Бразгун" і яго састаўны элемент - шанаванне абраза Святых апосталаў Пятра і Паўла - з'яўляецца традыцыйным і ўнесены ў дзяржаўны спіс аб'ектаў гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

У гэты дзень на лясной паляне збяруцца паломнікі і госці, якія прыедуць памаліцца перад абразом, пажадаць сабе і блізкім здароўя, шчасця, дабрабыту, набраць вады з жыватворнай крыніцы, акунуцца ў купелі. Абрад завяршаецца святочным застоллем і малітвай перад абразом, гэта павінна спрыяць дабрабыту і спакою ў вёсцы.

На адкрытай канцэртнай пляцоўцы каля жыватворнай крыніцы таксама адбудзецца рэгіянальны конкурс ансамбляў фальклорнай і народнай песні "З веку ў век". У ім прымуць удзел творчыя калектывы з розных раёнаў Магілёўскай вобласці.

Згодна з легендай, шмат стагоддзяў таму ў гэтых мясцінах была моцная засуха. Людзі ў вёсцы Наркі вераць, што ў адказ на малітвы ў лесе з'явілася крыніца. Вада настолькі моцна лілася з-пад зямлі, што яе бразганне разносілася за некалькі кіламетраў. За гэта і назвалі крыніцу Бразгуном. Гэты цуд адбыўся ў дні памяці святых апосталаў Пятра і Паўла. Мясцовыя жыхары ўзялі на сябе аброк: сабралі грошы, купілі абраз Пятра і Паўла і перадавалі яго з дома ў дом. Тая сям'я, што захоўвала абраз да наступнага свята, даглядала і крыніцу.

Традыцыя ўшаноўвання святога абраза Пятра і Паўла і цудатворнай крыніцы жыве і цяпер. Гэты абраз, якім даражаць і аберагаюць вяскоўцы і цяпер, з'яўляецца аброчным абразом вёскі Наркі. Ён ёсць практычна ў кожным вясковым доме, а гэта, паводле павер'я, спрыяе дабрабыту і здароўю ўсіх членаў сям'і.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі