Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 верасня 2021, 17:27

Суша пра Музей кнігі: гэта ўнікальная з'ява ў папулярызацыі кніжнай культуры

9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Ролю Музея кнігі ў культуры і перспектывы яго развіцця абмеркавалі ўдзельнікі і эксперты круглага стала "Музей кнігі. 15 гадоў" у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"15 гадоў таму ў сценах бібліятэкі з'явіўся Музей кнігі. Адразу ж пасля гэтага пакрыху адкрываліся памяшканні, пакоі і цэлыя залы ва ўсёй Нацыянальнай бібліятэцы. Музей кнігі - гэта абсалютна ўнікальная з'ява. Ён стаў выключна яркай ініцыятывай і яго можна назваць такім пашпартам, дзякуючы якому пра нашу краіну даведаюцца замежныя госці, удзельнікі дэлегацый, эксперты, кнігазнаўцы, мастацтвазнаўцы, культуролагі і гісторыкі. Ідэя нараджалася ўжо даўно, амаль столькі, колькі існуе бібліятэка. Апошнія два дзесяцігоддзі сталі выключным і асаблівым этапам для нас", - расказаў дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці НББ Аляксандр Суша.

Удзел у абмеркаваннях прынялі супрацоўнікі музеяў, бібліятэк, навуковых і адукацыйных устаноў, даследчыкі. Яны абмеркавалі ролю Музея кнігі ў папулярызацыі беларускай кніжнай культуры, вызначылі праблемы, інавацыйныя падыходы і напрамкі далейшай дзейнасці.

Паводле слоў Аляксандра Сушы, Музей кнігі сёння, як і 15 гадоў таму, прэзентуе і папулярызуе каштоўныя помнікі кніжнай культуры для ўсіх наведвальнікаў і гасцей музея.

Як адзначыў прафесар кафедры этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў БДУ Аляксандр Гужалоўскі, музей становіцца больш тэхналагічным. "Калі раней паняцці бізнесу і музея былі несумяшчальныя, то сёння ў нас ва ўніверсітэце выкладаюцца курсы па музейным менеджменце", - падкрэсліў ён.

Музей кнігі - знакавая экспазіцыйная прастора, якая з'явілася ў новым будынку галоўнай бібліятэкі краіны ў 2006 годзе. За час сваёй работы ён стаў яркай візітнай карткай Нацыянальнай бібліятэкі. У экспазіцыі прадстаўлены рукапісы, старадрукаваныя кнігі і рэдкія выданні, якія з'яўляюцца неад'емнай часткай нацыянальнай і сусветнай кніжнай спадчыны. За 2006-2021 гады ў музеі рэалізаваны сотні выставачных праектаў.

У гонар юбілею і з мэтай развіцця ў дзяцей і моладзі любові да кнігі, творчасці, выхавання гонару за дасягненні і багатыя традыцыі беларускай кніжнай культуры пройдзе конкурс "Музей кнігі - мой музей!". Да ўдзелу запрашаюцца дзеці ад 6 да 16 гадоў. Работы прымаюцца да 17 кастрычніка. Умовы конкурсу будуць анансаваны на партале бібліятэкі.

Акрамя таго, да 15-годдзя Музея кнігі і 100-годдзя бібліятэкі падрыхтавана выстава вынікаў конкурсу "Малады беларускі экслібрыс". Наведаць выставу і азнаёміцца з конкурснымі работамі можна да 3 кастрычніка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі